У склад Віцебскай абласной камісіі па выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь сябра БНФ Кастусь Смолікаў быў дэлегаваны абласной партыйнай арганізацыяй. Ён стаўся адзіным прадстаўніком апазыцыі ў складзе выбарчай камісіі, і таму было цікава пачуць зь першых вуснаў, як ідзе праца і як ён пачуваецца сярод іншых сяброў камісіі.
У склад камісіі Вы былі абраныя на супольным паседжаньні прэзыдыюму абласнога Савету дэпутатаў і аблвыканкаму. Як адбывалася галасаваньне па Вашай кандыдатуры?
Досыць дэмакратычна. Нельга казаць, што абралі аднагалосна. Былі і тыя, хто галасаваў супраць. У склад камісіі я прайшоў адным з апошніх па колькасьці галасоў. Хаця падчас галасаваньня падалося, што за мяне была паднятая нават лішняя рука.
Што Вы можаце сказаць пра першае паседжаньне камісіі?
Першае паседжаньне пачаў старшыня абласнога савету Аляксандар Ацясаў. І вось тут, у адрозьненьне ад працэдуры майго абраньня, мне падалося, што ход гэтага галасаваньня быў зрэжысэраваны: адзін прапаноўвае, другі падтрымлівае, і ўсе галасуюць як трэба. У выніку старшынём абіраюць Дзьмітрыя Хому, намесьнікам старшыні Зою Крот, а сакратаркай Сьвятлану Ільюшчанку. Праўда, была на паседжаньні і неспадзяванка: шляхам самавылучэньня Кастусь Смолікаў прапанаваў сваю кандыдатуру у якасьці намесьніка старшыні, але гэтая ініцыятыва не была падтрыманая прысутнымі. Скончылася паседжаньне разьмеркаваньнем дзяжурства на ліпень.
Мо і пад час другога паседжаньня была хоць нейкая неспадзяванка?
Не. На другім паседжаньні, якое адбылося 30 ліпеня, разглядаліся пытаньні фінансаваньня працы выбарчых камісіяў. Справа сур'ёзная. Сродкі разьмяркоўваліся ў адпаведнасьці з колькасьцю тэрытарыяльных камісіяў і колькасьцю выбарчых участкаў.
Скажыце, спадар Кастусь, якая карысьць для грамадзянскай супольнасьці ад таго, што вы трапілі ў склад камісіі?
Я, як сябра абласной камісіі, магу знаёміцца з пратаколамі пасяджэньняў, з усімі лічбамі, датычнымі выбарчага працэсу. І, як было заяўлена, гэтая інфармацыя адкрытая, і яна можа быць празь мяне агучаная. Паўплываць жа, напрыклад, на канчатковыя рашэньні абласной камісіі я, вядома, ня ў стане, бо рашэньні прымаюцца калегіяльна. Але ж выказаць сваё асабістае меркаваньне і папрасіць занесьці яго ў пратакол я магу. Гэтаксама магу прапанаваць да разгляду і ўнесьці ў парадак дня свае пытаньні, якія, аднак, чальцы камісіі могуць і не падтрымаць.
Калі будзе нейкая патрэба заявіць пра сваю нязгоду, выказаць нейкую сваю пазыцыю, я гэта, натуральна, буду рабіць і не буду глядзець, як да гэтага будуць ставіцца. Проста буду адстойваць сваю пазыцыю, якая вынікае з агульнадэмакратычных і партыйных прынцыпаў.
Таксама кожны сябра абласной камісіі мае права наведваць тэрытарыяльныя камісіі па заданьні кіраўніцтва камісіі, але ж, як нам кажуць, самастойных рашэньняў бяз згоды старшыні камісіі прымаць ня трэба. Маўляў, тэлефануйце, атрымлівайце згоду. Але ж, напрыклад, калі я буду ісьці па вуліцы, а цяпер ідзе збор подпісаў, і заўважу парушэньне заканадаўства, то я, натуральна, і патэлефаную старшыню камісіі, і буду дзейнічаць самастойна, каб прадухіліць парушэньне, зафіксаваць сьведкаў парушэньня ды, нарэшце, пры патрэбе выклікаць таго ж старшыню.
Дык можа б Вы ўжо падзяліліся якой-небудзь цікавай інфармацыяй.
Нічога такога, мэдыйнага, здаецца, не адбылося. На мінулым тыдні адбылося навучаньне троек (старшыня, намесьнік, сакратар) тэрытарыяльных камісіяў. У Віцебск прыяжджаў намесьнік старшыні Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік. Хацелася б, вядома, даведацца, што там было, але ж ніхто не запрасіў, хаця, па лёгіцы рэчаў, сябры абласной камісіі мусілі там быць. Кажуць, у Віцебскай вобласьці будуць празрыстыя скрыні на ўсіх участках. Як гэта дапаможа адкрытасьці і галоснасьці выбараў, паглядзім. Нібыта нават будуць унікальныя плямбоўшчыкі і пячаткі для плёмбаў на кожную ўчастковую камісію. Паглядзім, як яно будзе.
Як бы Вы ацанілі настрой сяброў камісіі?
З аднаго боку, як падалося, настрой ніякі, бо большасьць сяброў камісіі, як і я, ня ведаюць, што рабіць, няма нейкай такой канкрэтнай працы, за якую кожны з нас мусіў бы адказваць.
Але ж, з другога боку, зыходзячы з двух паседжаньняў, што адбыліся, магу сказаць, што настрой у чальцоў абласной камісіі працоўны. Падчас свайго першага дзяжурства асабіста я праз тэлефон запрашаў чальцоў камісіі на другое паседжаньне. Адказвалі ветліва, ніякага нэгатыўнага ці непрыязнага стаўленьня праз маю прыналежнасьць да БНФ я не адчуў.
Асабіста Вам не падалося, што выбары–2015 нецікавыя нікому?
Мне здаецца, гэта вынікае з таго, што мы кожны раз адцягваем вырашэньне галоўных праблемаў на наступныя выбары. Цяпер стаіць пытаньне мабілізацыі і пошуку хаўрусьнікаў, пошуку новых людзей. Тыя, хто за байкот, – іх бачна толькі ў камэнтах у сеціве: яны за байкот, а пасьля байкоту што? Я разумею працу, якую вядуць каманды кандыдатаў у прэзыдэнты, але я не разумею, на што разьлічваюць прыхільнікі байкоту. Байкот – гэта ня лекі. Я паважаю ўсіх кандыдатаў, што наважыліся ўдзельнічаць у выбарах, але мой прагноз: нікога з апазыцыйных кандыдатаў не зарэгіструюць.
Віцебская вясна