Каардынатар аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» па Віцебскай вобласьці Тацьцяна Севярынец 27 ліпеня падала ў Віцебскую абласную пракуратуру заяву грамадзян Беларусі па факце дзейнасьці ў рэгіёне прарасейскіх арганізацыяў. Заяву падпісалі жыхары Віцебску, Глыбокага, Воршы, Наваполацку, Віцебскага і Аршанскага раёнаў.
У заяве выказваецца занепакоенасьць дзейнасьцю ваенізаваных некамэрцыйных арганізацыяў: ГА «Рускі дом» пад кіраўніцтвам А. Герашчанкі, «Рускі дом» у Віцебску – Нашчадкі Перамогі, «Наша праваслаўе», ГА «Русь» пад кіраўніцтвам Ігара Патарава і яго намесьніка Аляксея Мішурнага, спартова-пошукавага атраду «Брама Паазер'я», Аршанскага праваслаўнага казацка-патрыятычнага клюбу, дзейнасьцю казакоў у Заслонаве (Лепельскі раён) на базе в/ч №71327 пад правадырствам іерэя Алега Плаксіцкага, падобных фармаваньняў у Полацку, Паставах.
«Гэтыя арганізацыі бесьперашкодна праводзяць свае мерапрыемствы ў Талачыне, Воршы, Полацку, Друцку, прыцягваюць да ўдзелу маральна не ўмацаваных беларусаў – падлеткаў, даюць ім у рукі баявую зброю, пра што сьведчаць справаздачы і фотасправаздачы зь мерапрыемстваў на іх сайтах», – гаворыцца ў заяве.
У сёньняшняй сытуацыі падпісанты лічаць дзейнасьць такіх арганізацыяў і іх кіраўніцтва, публікацыі на іх сайтах небясьпечнымі для тэрытарыяльнай цэласнасьці Рэспублікі Беларусь, спрыяльнымі для распальваньня нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці.
«Патрабуем дбайнай пракурорскай праверкі дзейнасьці вышэйназваных арганізацыяў і аб'яднаньняў, адпаведнасьці зь iх статутам, высьвятленьня куратарства і крыніцаў матэрыяльных сродкаў, на якія ажыцьцяўляецца гэтая дзейнасьць», – гаворыцца ў заяве.
bchd.info