Леанід Сьвецік хацеў трапіць на першае паседжаньне выбарчай камісіі Кастрычніцкага раёну Віцебску. Але намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Пётар Падгурскі заявіў, што ягоная прысутнасьць «непажаданая».
Віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік кажа, што нават не пасьпеў паказаць накіраваньне ад Беларускага Хэльсынскага Камітэту – толькі прадставіўся ў вуснай форме: «Пётар Падгурскі адразу сказаў, што менавіта на гэтае паседжаньне, дзе абіраецца старшыня камісіі і наогул кіраўнічы склад, мяне дапускаць “немэтазгодна”. Тады я сказаў, што хацеў бы прысутнічаць проста як шараговы выбаршчык, жыхар Кастрычніцкага раёну, грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Тады паступіла прапанова, каб сябры камісіі прагаласавалі, ці згодныя яны, каб я прысутнічаў. Спадар Падгурскі абвясьціў, што ўсе прысутныя “мусяць падумаць”, перш як прагаласаваць. І праз колькі хвілін усе 12 сяброў камісіі – яшчэ адзін сябра камісіі не прысутнічаў, бо быў у камандзіроўцы, прагаласавалі “супраць”».
Паводле Леаніда Сьвеціка, перад сыходам яму прапанавалі прыйсьці заўтра, зарэгістравацца ў якасьці назіральніка, і тады ўжо прыходзіць на наступнае паседжаньне камісіі. «Чаму мне нельга было прысутнічаць менавіта сёньня, я так і не зразумеў. Але адмова сьведчыць пра тое, наколькі адкрыта пачынаецца ў Віцебску выбарчая кампанія. Пра тое, што мяне не дапусьцілі на паседжаньне раённай выбарчай камісіі, я ўжо накіраваў скаргу ў ЦВК», - распавёў праваабаронца.
Напярэдадні, 21 ліпеня, Леаніду Сьвеціку было адмоўлена прысутнічаць таксама на працэсе фармаваньня раённых камісіяў у Віцебску. За дзень да супольнага паседжаньня прэзыдыюму гарсавету і гарвыканкаму яму патэлефанавалі і сказалі, што ягоная просьба прысутнічаць на ім у якасьці прадстаўніка БХК не задаволеная, бо «маніторынг паседжаньняў не дазволены заканадаўствам».
Праваабарончы цэнтар «Вясна»