30 жніўня супрацоўнікі праваахоўных ворганаў абшукалі кандыдатаў ў дэпутаты Аляксея Гаўруцікава і Алену Фаміну. Гэта адбылося пасьля таго, як віцебскія кандыдаты ў дэпутаты наведалі менскі офіс “Руху “За Свабоду”.
“Наша наведваньне офісу “Руху “За Свабоду” ўвяло спэцслужбы ў зман. Яны палічылі, што мы вязём “зброю помсты рэжыму” і таму абшукалі машыну, у якой я вяртаўся з Менску дадому, а Алену Фаміну – ў цягніку, па дарозе ў Варшаву”, – распавёў “Дыялёгу” Аляксей Гаўруцікаў.
Кандыдат у дэпутаты па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе Гаўруцікаў накіраваў скаргу на дзеяньні міліцыі пракурару Першамайскага раёну Віцебска.
Ён удакладніў, што езьдзіў у Менск, каб аддаць у газэту “Рэспубліка” сваю праграму кандыдата, а таксама забраць рэчы дачкі, якая сёлета скончыла БДУ. Ў офісе “Руху “За Свабоду” Гаўруцікаў сустрэўся з Аляксандрам Мілінкевічам, які зьяўляецца ягонай даверанай асобай. “Мы абмеркавалі ягоны ўдзел у тэледэбатах на Віцебскім тэлебачаньні ў якасьці майго прадстаўніка”, – патлумачыў Гаўруцікаў.
Машыну, якой кіраваў сябар Гаўруцікава, праваахоўнікі прыпынілі ўжо ў Віцебску. Патрабавалі адкрыць багажнік, матывуючы тым, што там могуць быць выкрадзеныя рэчы. Багажнік абшукалі, нягледзячы на патрабаваньні кандыдата прад’явіць санкцыю пракурора. У рэшце рэшт, машыну даставілі ў Першамайскі РАУС, дзе быў складзены пратакол на кіроўцу аўтамабіля – нібыта ён ехаў без уключаных фараў у сьветлы час. Таксама агледзелі аўтамабіль “на прадмет наяўнасьці ў ім скрадзеных рэчаў”.
На самой справе, супрацоўніка, які рабіў агляд, цікавіў зьмест літаратуры, што знаходзілася ў салёне. “Ён праглядаў нават слоўнік японскай мовы, ці ёсьць у ім выхадныя зьвесткі. І прыгаворваў пры гэтым: так, гэта выбараў ня тычыцца…” – распавёў Аляксей Гаўруцікаў.
Ён праглядаў нават слоўнік японскай мовы, ці ёсьць у ім выхадныя зьвесткі.
Гэтак, з прычыны адсутнасьці выхадных зьвестак, міліцыя канфіскавала брашурку “Народнай праграмы” і тэчку з дакумэнтамі кандыдата па Віцебскай-Горкаўскай выбарчай акрузе Алены Фаміной. Былі канфіскаваны таксама асабісты нататнік Фаміной з тэлефонамі сяброў і аўдыёдыскі з музычнымі запісамі, якія належаць дачцэ Гаўруцікава. Праглядалі кожную газэту, у якія былі загорнуты рэчы і абутак былой студэнткі.
У Першамайскім РАУС Гаўруцікава і кіроўцу машыны пратрымалі больш за 4 гадзіны.
“Дзеяньні супрацоўнікаў РАУС я расцэньваю як палітычны вышук часоў 1937 года ХХ стагодзьдзя, а канфіскацыя маіх рэчаў, рэчаў маёй дачкі і дакумэнтаў Фаміной – неправамернымі, якія перашкаджаюць майму праву быць абраным у парлямэнт краіны”, – гаворыцца ў скарзе ў пракуратуру.
Гаўруцікаў патрабуе тэрмінова вярнуць яму канфіскаваныя рэчы, а таксама ўзбудзіць адміністрацыйную справу супраць міліцыянтаў РАУС і крымінальную – супраць супрацоўнікаў ДПС, якія, на яго погляд, ўнесьлі ў адміністрацыйны пратакол загадзя ілжывую інфармацыю.
У ноч з 30 жніўня на 1 верасьня зь цягніку Менск-Варшава была зьнятая кандыдатка Алена Фаміна. Яна ехала зь Менску ў Варшаву, каб наведаць сына. Яе таксама пільна абшукалі. “Шукалі буйныя сумы грошай”, – паведаміў Гаўруцікаў.
Фота: svaboda.org