9 студзеня ў сувязі з пададзенай у лістападзе мінулага году заявай пра знаходжаньне частак чалавечых парэшткаў у лесе за вёскай Хайсы ў Сьледчы камітэт былі выкліканыя заяўнікі – сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі–БНФ Ян Дзяржаўцаў, Алег Емяльянаў, Сяргей Каваленка і Пятро Сарапеня.
Як распавёў Ян Дзяржаўцаў, апытвала іх сьледчая, маёр юстыцыі Зоя Высокіх, якая патлумачыла прычыну выкліку заяўнікаў неабходнасьцю ўдакладненьня абставінаў і фактаў, зьвязаных з узбуджэньнем зь іхнай ініцыятывы крымінальнай справы. Падчас размовы стала вядома, што парэшткі, узятыя з месца мяркуемага масавага забойства, адразу ж былі перададзены на дасьледаваньне ў адмысловую мэдычную ўстанову. Аднак за цэлы месяц віцебскія экспэрты так і ня здолелі адказаць на пытаньні, пастаўленыя перад імі сьледчай групай. Таму з мэтай удакладненьня часу і прычынаў сьмерці чалавечыя парэшткі былі перададзеныя сталічным крыміналістам дзеля далейшага дасьледаваньня. Паводле закону досьледы могуць доўжыцца да трох месяцаў.
Спадар Ян выказаў сьледчай просьбу, каб пасьля вяртаньня зь Менску парэшткі былі захаваныя там, дзе яны былі знойдзеныя, бо, маўляў, “неяк не па-хрысьціянску, каб чарапы былі пахаваныя недзе асобна ад астатніх частак шкілету”. Сьледчая зазначыла, што ў такім выпадку іхным далейшым лёсам мусіць займацца адпаведны сельскі савет. У віцебскім раёне падчас будаўніцтва і правядзеньня зямельных работ людзкія парэшткі знаходзяць досыць часта, але са знаходкай такога маштабу сутыкаюцца ўпершыню.
Ян Дзяржаўцаў выказаў сваё стаўленьне да падзеяў і акалічнасьцяў, зьвязаных з узбуджанай крымінальнай справай:
– Я лічу, што сьледчыя і крыміналісты маглі б дзейнічаць і больш спрытна. Дый апытваць нас трэба было адразу пасьля падачы заявы. Тым ня менш добра ўжо тое, што мы з першых вуснаў даведаліся пра акалічнасьці сьледчых дзеяньняў.
З усіх гэтых падзеяў найперш абурае заява сельскага савету пра тое, што яны быццам бы ня ведалі пра параскіданыя па лесе чалавечыя парэшткі і пра раскапаныя чорнымі капальнікамі месцы масавых пахаваньняў. І гэта пры тым, што па сьцьверджаньні мясцовага жыхара Сяргея Кудзінава яшчэ ў сярэдзіне васьмідзесятых гадоў мінулага стагодзьдзя адразу пасьля таго, як ён са сваім братам натрапіў на гэтыя парэшткі, яны зьвярнуліся ў сельскі савет, але там ім заявілі, што “бязь іх разьбяруцца”. Хутчэй за ўсё, у гэтых чыноўнікаў няма ніякай ахвоты быць датычнымі да вяртаньня гістарычнай праўды пра сапраўднае аблічча сваіх папярэднікаў – савецкай улады і камуністычнай партыі. Да таго ж сьведкі сьцьвярджаюць, што выкарчоўка лесу і ўзворваньне цаліны на месцы другога знойдзенага намі пахаваньня адбывалiся пасьля вайны менавіта па камандзе мясцовага сельскага савету. Але па вялікім рахунку справа нават не ў іх ці іхным “бяспамяцтве”. Чужынцы з Масквы цэлае стагодзьдзе рабілі тут, што хацелі, дый цяпер робяць. Калі б Беларусь тады была самастойнай, такога б ніколі не адбылося. У гэтым я перакананы на сто адсоткаў.
Ані ўлады, ані мясцовыя абывацелі, на жаль, нічаму ня вучацца. Нічаму не навучылі іх і падзеі ва Ўкраіне. Праз павелічэньне на беларускай тэрыторыі колькасьці расейскіх вайсковых базаў нас ня толькі ўцягваюць у канфлікты з нашымі суседзямі, але і павялічваюць свой уплыў на кіраўніцтва дзяржавы. І зноў, як на працягу ўсяго 20-га стагодзьдзя, беларусы будуць гінуць альбо за чужыя інтарэсы, альбо за мітычныя ідэі, на якія яны купіліся. І калі вы па-сапраўднаму хочаце, каб вашыя нашчадкі памяталі пра вас і ведалі месца вашага пахаваньня, вы цяпер мусіце адстойваць каштоўнасьці самастойнай, незалежнай, нацыянальнай дзяржавы, а не змагацца са сваімі грамадзянамі, якія гэта даўно зразумелі.