27 сьнежня Аляксандар Лукашэнка разгледзеў шэраг кадравых пытаньняў. У выніку Аляксандар Косінец, які кіраваў Віцебскай вобласьцю, стаў кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта, а ягонае месца ў аблвыканкаме зойме Мікалай Шарстнёў.
Старшынём Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Косінец быў прызначаны ўказам Лукашэнкі 24 лістапада 2008 году, пры гэтым ён быў вызвалены ад пасады намесьніка прэм'ер-міністра. Губэрнатарства спадара Косінца было адзначанае рэканструкцыяй Віцебску, якая пачалася са зносу сквэру на плошчы Перамогі.
Мікалай Шарстнёў толькі ў верасьні 2014 году стаў галоўным інспэктарам па Віцебскай вобласьці, зьмяніўшы на гэтай пасадзе Мікалая Дамашкевіча. Ён нарадзіўся ў Аршанскім раёне, як і папярэдні губэрнатар, але скончыў не мэдычны, а вэтэрынарны інстытут.
Кар'еру кіраўніка Мікалай Шарстнёў пачаў з пасады старшыні калгасу «Сьцяг перамогі» ў родным Аршанскім раёне. Пасьля быў першым намесьнікам старшыні, начальнікам упраўленьня сельскай гаспадаркі і харчаваньня Менскага райвыканкаму, узначальваў рэспубліканскае аб'яднаньне «Белптушкапрам». Перад прызначэньнем памочнікам прэзыдэнта на Віцебшчыне працаваў генэральным дырэктарам ААТ «1-я Менская птушкафабрыка».
news.vitebsk.cc