Заклапочанасьць наконт умоваў утрыманьня пад вартай вязьня Ігара Аліневіча выказала дэпутатка парлямэнту ФРГ Марылуізэ Бэк. Яна напісала ліст амбасадару Беларусі ў Нямеччыне з патрабаваньнем стварыць годныя ўмовы турэмнага ўтрыманьня палітвязьню.
"У дадатак да шматгадовага тэрміну пазбаўленьня волі ён у цяперашні час у пакараньне ўтрымліваецца ў адзіночнай камэры і павінен цэлыя дні знаходзіцца ў неацяпляльным памяшканьні бяз коўдры і пасьцельнай бялізны. Лісты, што яму накіроўваюцца, напрыклад, віншаваньні з днём народзінаў, не дастаўляюцца. За паўгода яму было дазволена патэлефанаваць сваім бацькам толькі адзін раз. Пры такіх умовах утрыманьня пад вартай Ігар Аліневіч пазбаўлены асноўных правоў чалавека", - гаворыцца ў лісьце, накіраваным беларускаму амбасадару ў Бэрліне.
Маці палітвязьня Валянціна Аліневіч расказала, што на Ігара цяпер чыніцца велізарны ціск. "Некалькі дзён таму мой муж і адвакат наведалі калёнію, у якой знаходзіцца мой сын. Першыя 10 дзён у ШЫЗА былі прысуджаныя за адмову ад прыборкі месцаў агульнага карыстаньня (прыбіральняў), другія 10 дзён пакараньня - прычына тая самая. Падаўжэньне тэрміну яшчэ на 10 дзён - за нібыта размовы з суседняй камэрай. Начальнік калёніі ў асабістай гутарцы з маім мужам сказаў, што гэтыя парушэньні настолькі сур'ёзныя, што Ігара могуць перавесьці ў крытую турму і павялічыць турэмны тэрмін. Ігара зьмясьцілі ў асобную камэру. Коўдры, пасьцельных прыналежнасьцяў, цёплых рэчаў, пісьмовых прылад, кніг, прадуктаў харчаваньня няма, як і сувязі з вонкавым сьветам. Менавіта такім чынам штучна ствараюць злосных парушальнікаў рэжыму. На яго цяпер аказваюць велізарны ціск", - сказала Валянціна Аліневіч.
Нямецкая дэпутатка Марылуізэ Бэк адзначае, што Ігар Аліневіч прызнаны праваабаронцамі палітычным вязьнем і што судовы працэс і прысуд супраць Аліневіча сьведчаць пра палітычныя матывы яго асуджэньня. "Я лічу загадам гуманнасьці неадкладнае стварэньне годных умоў турэмнага зьняволеньня для Ігара Аліневіча і дазвол яму кантакту зь сям'ёй і з адвакацкай абаронай. Я ўзяла на сябе шэфства над справай Ігара Аліневіча і патрабую яго неадкладнага вызваленьня і рэабілітацыі", - заяўляе ў лісьце нямецкая дэпутатка.
61-гадовая Марылуізэ Бэк (Marieluise Beck) - дэпутатка парлямэнту ФРГ з больш як 30-гадовым стажам. З 2005 году яна ўваходзіць у камітэт бундэстагу па міжнародных справах. Бэк - экспэрт фракцыі "Саюз-90"/"Зялёныя" па Ўсходняй Эўропе.
Нагадаем, 27 траўня 2011 году судзьдзя Заводскага раёну Менска Жанна Хвайніцкая асудзіла Ігара Аліневіча на 8 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцьненага рэжыму. Яго, а таксама Мікалая Дзядка і Аляксандра Францкевіча абвінавацілі ў арганізацыі шэсьця каля будынка Мінабароны, нападзе на казіно "Шангры Ла" і ізалятар на Акрэсьціна ў Менску, а таксама падпале дзьвярэй філіялу "Беларусбанку".
belaruspartisan.org