Такімі словамі пачынае свой чарговы ліст віцебскім праваабаронцам палітвязень, які адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі №14. Далей Міхаіл Жамчужны раскрывае, у чым гэтае «выдатна» палягае.
«Праз 30 хвілін пасьля вызваленьня з ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу – рэд.) мне зноў выпісалі парушэньне», – піша ў сваім лісьце палітвязень. Кіраўніцтва ПК абвінаваціла палітвязьня ў тым, што ён парушыў рэжым утрыманьня: самавольна пакінуў тэрыторыю разьмяшчэньня атраду. Хоць гэта было зроблена з дазволу начальніка атраду ў суправаджэньні ўпаўнаважанага iм вязьня.
Неабходнасьць сыходу была прадыктаваная тым, што Жамчужны хацеў «памыцца ў лазьні пасьля трох месяцаў камэры, у якой тры суседы пракурылі ўсе мае газэты – у сярэднім па чатыры самакрутныя цыгары на гадзіну кожны».
Высьветлілася, каб адмыць турэмны смурод, Міхаіл Ігаравіч павінен быў прымусіць отрадніка патэлефанаваць дзяжурнаму па зоне і паведаміць пра намер памыцца ў лазьні. Аднак Жкмчужны не зрабіў таго. І за гэтае парушэньне кіраўніцтва калёніі найбліжэйшымі днямі паабяцала зьмясьціць асуджанага ў штрафны ізалятар.
Але на гэтым ліхтугі Міхаіла Ігаравіча ня скончыліся.
«Сёньня (5 сакавіка – рэд.) мяне ўпершыню накіравалі на працу, на «промку». Усе вельмі зьдзіўленыя, як 62-гадовага пэнсіянэра дадумаліся прымусіць працаваць ў мэханічным цэху №2. Прычым без праходжаньня інструктажу па тэхніцы бясьпекі. Усе расцэньваюць, што гэта чарговая правакацыя – у надзеі, што я адмоўлюся. Але я не адмовіўся...» – піша палітвязень пра відавочныя парушэньні адміністрацыяй калёніі патрабаваньняў Крымінальнага выканаўчага кодэксу.
«Суд наконт накіраваньня мяне ў турму на 3 гады перанесьлі з 02-га сакавіка на 23-га. Гэта дзякуючы маёй агрэсіўнай абароне», – з гонарам паведамляе землякам Жамчужны.
На рэкамэндацыю адваката ён накіраваў чатыры пратэсты на спагнаньні ў Барысаўскі суд, у якіх просіць выклікаць на чарговае паседжаньне суду 4-х супрацоўнікаў адміністрацыі калёніі ў якасьці важных сьведак па ягонай справе. На думку вязьня ПК №14, гэта дапаможа яму паказаць у судзе тое, што ўсе накладзеныя на яго спагнаньні ня мелі пад сабой фактычных парушэньняў зь ягонага боку.
Лявон Яфрэменка