У аўторак, 29 лістапада, прызнаны беларускай праваабарончай супольнасьцю палітвязьнем Міхаіл Жамчужны быў заключаны ў ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу) тэрмінам на тры месяцы. Фармальнай прычынай такога пакараньня сталі сьведчаньні зьняволеных пра нібыта ўжываньне Жамчужным ненарматыўнай лексыкі падчас абмеркаваньня тэленавінаў.
Пра гэта паведаміў віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік, які вядзе ліставаньне зь вязьнем папраўчай калёніі №14 (Навасады). Навіну пра ўзмацненьне жорсткасьці ўмоваў адбыцьця пакараньня актывіст даведаўся з апошняга ліста палітвязьня, адрасаванага яму.
У лісьце Міхаіл Ігаравіч паведамляе, што ў цяперашні час ён знаходзіцца ў двухмясцовай камэры. Камэра мае ўсё неабходнае для больш-менш ніштаватага існаваньня. Прэса, лісты, «атаварка» і прагулкі прадугледжаныя рэжымам ПКТ.
«Пра прычыны зьмяшчэньня намякнуў супрацоўнік выхаваўчага аддзелу, маёр Крэмень на папярэдняй гутарцы. Я павінен адмовіцца ад праваабарончай дзейнасьці і палітычных перакананьняў. У адваротным выпадку мяне чакае наступная прыступка выпраўленьня. Якая – не сказаў, хутчэй за ўсё, нейкая турма або БУР (блёк узмоцненага рэжыму)», – паведамляе на волю палітвязень.
Аднак адмаўляцца ад сваіх палітычных поглядаў Міхаіл Ігаравіч не зьбіраецца. Ён упэўнены ў сваёй правасьці і маральнай перавазе над сваімі мучыцелямі. «Тое, што мяне ўсяляк спрабуюць прэсаваць, я ўспрымаю як доказ значнасьці і страху перад маёй дзейнасьцю», – адзначае Жамчужны.
Лявон Яфрэменка