Арганізатарамі мотапрабегу зьяўляюцца мотаклюб «The Hooligans MC» і Глыбоцкі райвыканкам, а яго ўдзельнікамі – байкерскія клюбы Беларусі, Расеі і блізкага замежжа, а таксама вольныя байкеры.
Мітынг, прысьвечаны пачатку мотапрабегу «Мір і Памяць», прымеркаванага да Дня Перамогі, адбыўся ў Глыбокім. Ён стартаваў 7 траўня, а завершыцца 9-га ва ўрочышчы Барок у Глыбокім. Там пахавана людзей падчас Другой сусьветнай вайны больш, чымся жыве цяпер у горадзе.
Байкеры і матацыклісты праедуць тры вобласьці – Віцебскую, Менскую і Гарадзенскую. Удзельнікі мотапрабегу наведаюць месцы воінскіх пахаваньняў, ускладуць кветкі і ўшануюць памяць загінулых. Паводле словаў кіраўніка Глыбоцкага аддзяленьня клюбу «The Hooligans MC» Аляксандра Хілько, асноўная мэта мотапрабегу – захаваньне гістарычнай памяці аб Другой сусьветнай вайне.
– У гэтым годзе мы пашыраем геаграфію нашага мотапрабегу – праяжджаем тры вобласьці, 9 траўня плянуем быць тут, каб прывезьці весткі зь іншых гарадоў, вёсак пра перамогу нашага народа. Мы глыбока перакананыя, што вайна – вялікае зло, якога не павінна быць на гэтай зямлі. Мы павінны ехаць, мы павінны яшчэ і яшчэ раз даказваць, што вайне ня быць.
racyja.com