Асуджаны на паўтара года пазбаўленьня волі Андрэй Гайдукоў хацеў стаць агентам ЦРУ ЗША. Спробу ўстанавіць кантакт з амэрыканскай спэцслужбай ён распачаў у жніўні 2012 году, паведаміў першы намесьнік пракурора Віцебскай вобласьці Аляксандар Сідаровіч: “У жніўні 2012 году ў спэцслужбу паступіла апэратыўная інфармацыя пра тое, што грамадзянін Беларусі хоча ўстанавіць сувязь з адной з разьведслужбаў”.
“Ён падрыхтаваў ліст: на англійскай мове напісаў адрас ЦРУ (куды ён зьвяртаецца), а потым па-руску — хто ён, што сабой уяўляе. Таксама ў лісьце былі тры зашыфраваныя варыянты магчымай сувязі зь ім. У рамантычна-любоўным такім выглядзе”, — расказаў Аляксандар Сідаровіч у інтэрвію газэце “Комсомольская правда” в Белоруссіі”.
Паводле яго слоў, Гайдукоў хацеў пераслаць ліст у ЦРУ, але з тэрыторыі іншай краіны. “Пасьля таго як намер наладзіць супрацоўніцтва стаў відавочным, Гайдукову адказалі ў зашыфраванай форме на ліст. Так распачаўся апэратыўны экспэрымэнт”, — расказаў прадстаўнік пракуратуры. Як адзначыў Сідаровіч, Гайдукоў мог на электронны ліст не адказваць, выбар быў.
Чаму Гайдукова не затрымалі адразу, а толькі амаль праз тры месяцы, растлумачыў старшы сьледчы сьледчага аддзелу УКДБ па Віцебскай вобласьці Алег Барысевіч: “Завязалася контрразьведвальная гульня з гэтым чалавекам. Трэба было зразумець: ці сапраўды ён гатовы ўчыніць злачынства, або гэта нейкія нерэалізаваныя юнацкія фантазіі. Зыходзячы зь яго ініцыятывы, з таго, што ён паведамляе ў сваіх лістах, будаваліся далейшыя зносіны. Ён меў канкрэтную мэту: наладзіць супрацоўніцтва і дзейнічаць у інтарэсах гэтай спэцслужбы”.
У КДБ упэўненя, што ў той сфэры, у якой працаваў Гайдукоў, ён мог даць інфармацыю пра дзейнасьць “Нафтану”: “Ёсьць праграма, у якой акумулююцца дадзеныя па дзейнасьці прадпрыемства за пэўныя прамежкі часу, там ёсьць статыстыка”.
“Гайдукоў прапанаваў пранесьці на працу праграму-шпіён і ўсталяваць яе на кампутары. Хоць у яго абавязкі не ўваходзіць праца на кампутары. Пры жаданьні ён быў гатовы даць гэтую інфармацыю. Але на гэты крок вырашана было не ісьці. Нам трэба было толькі выявіць намеры. Але ён са свайго боку не казаў: “Я зьбіраюся нашкодзіць фізычна”. Гаворка ішла толькі пра інфармацыю, пра дадзеныя”, — тлумачыць прадстаўнік сьледзтва.
Паводле яго слоў, Гайдукову прапанавалі прыехаць у Гародню, прайсьці гэтак званыя “агледзіны”, каб вызначыць, ці сапраўды гэта ён піша ўсе гэтыя лісты. “Задача была наступная: зьявіцца ў людным месцы ў пэўны час, знаходзіцца ў пэўным пункце паўгадзіны, у руках трэба было трымаць пэўныя апазнавальныя знакі: “фанту” і сіні файл… Ён прыехаў. Хваляваўся, гэта было прыкметна: аглядаўся, правяраў, стараўся не прыцягваць увагу… У Гародні зь ім ніхто не сустрэўся”, — распавядае сьледчы.
Ён адзначае, што ў такой сытуацыі не было сэнсу перапісвацца доўга: “Было зразумела, што чалавек дзейнічае сьвядома. Яму прапанавалі тайнік, каб выявіць у межах экспэрымэнту, што ён дакладна разумее, што працуе са спэцслужбамі і гатовы выконваць іх заданьні”.
Прадстаўнік УКДБ таксама расказаў пра затрыманьне Гайдукова ў лістападзе 2012 году. “Да прад’яўленьня матэрыялаў справы, доказаў яго дзейнасьці, ён быў упэўнены, што супрацоўнічае са спэцслужбай ЗША. Ён думаў, што затрымалі ня толькі яго, а яшчэ і прадстаўнікоў спэцслужбы, якія зрабілі тайнік у плітцы каля віцебскага амфітэатру. І нават падрыхтаваў хадайніцтва, каб яго і яго родных абаранілі, зьмянілі дадзеныя. Баяўся помсты з боку гэтай спэцслужбы”, — паведаміў Барысевіч. Паводле слоў сьледчага, у тайніку былі грошы. Гайдукоў іх забраў — хацеў кампэнсаваць свае выдаткі на гэтым этапе.
Апэратар наваполацкага НПЗ “Нафтан”, лідэр незарэгістраванага грамадзкага аб’яднаньня “Саюз маладых інтэлектуалаў” быў затрыманы 8 лістапада 2012 году. Практычна з-за поўнай адсутнасьці якой-небудзь інфармацыі па гэтай справе ў грамадзкасьці ўзьнікала шмат пытаньняў наконт сытуацыі вакол Гайдукова. Суд над Гайдуковым праходзіў у закрытым рэжыме. Першапачаткова ён абвінавачваўся паводле артыкулу 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве ў форме правядзеньня агентурнай дзейнасьці), якая прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі ад 7 да 15 гадоў.
У выніку Гайдукоў быў асуджаны 1 ліпеня на падставе ч. 1 арт. 14 і арт. 356-1. Крымінальнага кодэксу (замах на ўстанаўленьне супрацоўніцтва са спэцыяльнай службай, ворганам бясьпекі ці разьведвальным ворганам замежнай дзяржавы). Віцебскі абласны суд пад старшынствам Галіны Ўрбановіч прыгаварыў яго да паўтара гадоў пазбаўленьня волі. Пасьля вынясеньня прысуду Беларускі Хэльсынскі камітэт і закрыты ўладамі праваабарончы цэнтар “Вясна” прынялі сумесную заяву, у якой асуджэньне Гайдукова назвалі неабгрунтаваным і палітычна матываваным. Праваабаронцы прызналі Андрэя Гайдукова палітвязьнем.
БелаПАН