Поўная ізаляцыя, якая была створаная адміністрацыяй папраўчай калёніі №9 (г. Горкі) у адносінах да Міхаіла Жамчужнага, нарэшце прарваная: ліст ад палітвязьня атрымала праваабаронца Тацяна Равяка.
Як стала вядома зь ліста, палітвязень-праваабаронца зь Віцебску Міхаіл Жамчужны з 10 красавіка, калі ён быў зьмешчаны ў памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ), накіраваў сваім калегам, сябрам і знаёмым 33 лісты. Адносна чатырох лістоў палітвязьню прапанавалі азнаёміцца з актамі аб іх зьнішчэньні, паколькі яны “зьмяшчалі жаргон, цынізм і службовую інфармацыю”. Астатнія лісты, праўдападобна, ня выйшлі з калёніі па невядомых зьняволенаму прычынах.
Пасьля таго, як Міхаіл Жамчужны даведаўся, што ягоныя лісты многія адрасаты не атрымліваюць, 18 траўня ён накіраваў скаргу ў пракуратуру Магілёўскай вобласьці на стварэньне перашкодаў у ліставаньні. Палітвязень адзначае, што праблемы зь ліставаньнем закранулі і дакумэнтаабарот з судамі: двойчы ягоныя дадаткі да матэрыялаў касацыйных скаргаў прыходзілі ў суды ўжо пасьля таго, як адбыліся паседжаньні.
Міхаіл Жамчужны паведаміў, што 14 траўня яго наведаў пракурор Магілёўскай вобласьці, які разглядае ягоную скаргу на зьбіцьцё ў санчастцы і харчовае атручваньне. Паводле словаў зьняволенага, страчаныя вынікі рэнтгенаскапіі, якая была праведзеная пасьля звароту ў санчастку пасьля атручваньня, былі з ініцыятывы дактароў паўтораныя і пацьвердзілі факт пашкоджаньня страўніка. Дактары параілі Міхаілу Жамчужнаму напісаць заяву на дыету і “дробна харчавацца”. Палітвязьня хвалюе, што ўжо тры месяцы яму не дазваляюць набыць за свой кошт вітаміны – на тры заявы з гэтай нагоды да начальніка калёніі ён не атрымаў ніводнага адказу.
Палітвязень, нягледзячы на расчараваньне ад наведваньня калёніі назіральнымі камісіямі ў сакавіку, намераны зноў – ужо асабіста – зьвярнуцца ў грамадзкую назіральную камісію пры галоўным упраўленьні юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму і Рэспубліканскую камісію, каб яны наведалі калёнію і сустрэліся зь ім дзеля высьвятленьня абставінаў цяжкіх умоваў утрыманьня.
Раней скаргу на перашкоды ў ліставаньні, створаныя Міхаілу Жамчужнаму, накіроўвала начальніку ПК №9 праваабаронца Тацяна Равяка. Адказу на скаргу ад адміністрацыі калёніі яна пакуль не атрымала.
spring96.org