Дагэтуль усе законы прымаліся толькі на адной зь дзяржаўных моваў, прычым толькі адзінкі зь іх на беларускай. Спроба зьмяніць такую заганную практыку правалілася: старшыня парлямэнцкай камісіі па заканадаўстве Натальля Гуйвік з Полацку «зарэзала» першы дзьвюхмоўны закон.
Пра лёс першага законапраекту, які б мог быць прыняты адначасова і па-беларуску, і па-расейску, расказала дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім, якая намагалася стварыць у Палаце прадстаўнікоў юрыдычны прэцэдэнт: падрыхтаваны пры яе ўдзеле законапраект «Аб нарматыўна-прававых актах» распрацоўваўся адразу на дзьвюх мовах.
Паводле словаў дэпутаткі, у прыватных размовах ніхто з калегаў не выступаў супраць такой ініцыятывы.
«Я зь вялікімі спадзяваньнямі адаслала праект закону ў парлямэнцкую камісію па заканадаўстве, — расказала Алена Анісім. — Аднак старшыня камісіі Натальля Гуйвік паведаміла мне афіцыйным лістом, што ня будзе дасылаць дакумэнты ў Нацыянальны цэнтар заканадаўчых і прававых дасьледаваньняў для атрыманьня юрыдычнага заключэньня. Яна спасылаецца на адсутнасьць мэханізму прыняцьця закону адразу на дзьвюх мовах. Відаць, калегі збаяліся ўзяць на сябе адказнасьць. А абмінуць камісію я не магу паводле рэглямэнту парлямэнцкай працы», — кажа старшыня Таварыства беларускай мовы.
У выніку праца спынілася.
«20 з гакам гадоў нашы чыноўнікі па лініі АБСЭ езьдзілі па Эўропе, вывучаючы, як там вырашаюць падобныя пытаньні. Я сама выяжджала ў Фінляндыю як прадстаўніца ТБМ, дзе разам з дэпутатамі вывучала досьвед прыняцьця законаў на некалькіх дзяржаўных мовах адначасова. А ў нас дагэтуль нічога ня зроблена», — наракае Анісім.
Хто такая Натальля Гуйвік, якая стала перашкодай для прыняцьця першага закону на дзьвюх дзяржаўных мовах?
Будучая дэпутатка нарадзілася ў 1962 годзе ў расейскім горадзе Кіраве — за 900 кілямэтраў на паўночны ўсход ад Масквы. У Полацак яна пераехала толькі ў 1983 годзе, а зь цягам часу стала судзьдзёй.
Яе абраньне ў Палату прадстаўнікоў ў 2012 годзе суправаджалася скандалам. Датэрмінова і на месцы жыхарства нібыта прагаласавала больш за 50% (!) удзельнікаў выбараў.
Супернікам Гуйвік быў адыёзны журналіст АНТ Аляксей Міхальчанка — як ёсьць, так ёсьць. Яна дакарала суперніка, што той ня мае вышэйшай адукацыі.
Адметна, што сама яна скончыла Ўсесаюзны юрыдычны завочны інстытут. Прычым Гуйвік, падаючы дакумэнты ў выбаркам, паспрабавала прыбраць слова «завочны» з назвы навучальнай установы.
У 2015 годзе дэпутатка Гуйвік праславілася тым, што атрымала ад кагосьці ў падарунак каля $20 тысяч. Гэтыя зьвесткі трапілі ў яе афіцыйную дэклярацыю.
Летась Гуйвік пераабралася ў парлямэнт і стала старшынёй камісіі па заканадаўстве.
Яе сям'я — муж Міхаіл і дачка Вольга Аляксандраўна. Муж паводле адукацыі — фізык-пэдагог і ў дадатак падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы. А дачка працуе вядучай спэцыялісткай па рэкляме на радыё «Юністар».
Паводле: Браніслаў Юрэвіч, nn.by