Пасьля разгляду касацыйнай скаргі і ўступленьня прысуду ў законную сілу віцебскі праваабаронца Міхаіл Жамчужны апынуўся ў карантыне ў папраўчай калёніі №14 у пасёлку Навасады Барысаўскага раёну Менскай вобласьці. Пра гэта ён паведаміў праваабаронцу Леаніду Сьвеціку, зь якім ён мае ліставаньне.
Міхаіл Ігаравіч перад разглядам яго касацыйнай скаргі быў дастаўлены ў Менск і зьмешчаны ў сьледчы ізалятар №1 (у «Валадарку»). «Там я ўпершыню за 14 месяцаў убачыў тэлевізар і, галоўнае, навіны пра «подзьвігі» Пуціна ў Сырыі». Пасьля Віцебскага СІЗА, на зьдзіўленьне вязьня рэжыму, «на Валадарцы іншы сьвет. Можна, аказваецца, і па-людзку зь міліцыяй жыць, калі паважаць адно аднаго».
Як распавёў Жамчужны пра разгляд касацыйнай скаргі, судзьдзі калегіі Вярхоўнага Суду па крымінальных справах уважліва, але абыякава, выслухалі яго паўтарыгадзінны выступ, затым кароткі выступ дзяржабвінаваўцы з Генэральнай Пракуратуры і адышлі на гадзіну ў дарадчы пакой. Пасьля вяртаньня яны абвясьцілі свой вэрдыкт: павялічыць тэрмін зьняволеньня на шэсьць месяцаў - з 6-ці да 6,5 гадоў з утрыманьнем у калёніі строгага рэжыму.
Паколькі вырак набыў моц у Менску, Міхаіла Жамчужнага з «Валадаркі» разьмеркавалі ў папраўчую калёнію №14, а ня ў самую дрэнную зону, як абяцала адміністрацыя Віцебскага абласнога СІЗА №2.
У цяперашні час віцебскі праваабаронца знаходзіцца ў карантыне ПК № 14. Пасьля месячнага знаходжаньня ў ім, Міхаіл Ігаравіч мяркуе трапіць у атрад пэнсіянэраў. «Мог бы і на «промцы» папрацаваць, але не падымаецца рука працаваць на дзяржаву пасьля ўсяго гэтага». На здароўе ня скардзіцца, хваліць турэмную ежу і зьдзіўляецца высокаму інтэлекту адміністрацыі калёніі.
Віцебская вясна