Паўла Левінава вылучыла у склад абласной грамадзкай назіральнай камісіі рэспубліканскае праваабарончае рэспубліканскае аб'яднаньне «Беларускі Хэльсынскі Камітэт». У галоўнае ўпраўленьне юстыцыі абласнога выканкаму была накіраваная адпаведная папера з просьбай зацьвердзіць кандыдатуру БХК. Аднак просьба задаволеная не была.
Фармальнай прычынай такога рашэньня ўпраўленьня юстыцыі стала тое, што Павал Левінаў быў вылучаны ў склад камісіі як прадстаўнік рэспубліканскага грамадзкага аб'яднаньня, у той час як згодна з палажэньнем аб назіральных камісіях, зацьверджаным пастановай Савету Міністраў, «абласныя і Менская гарадзкая грамадзкія назіральныя камісіі пры галоўных упраўленьнях юстыцыі аблвыканкамаў і Менскага гарвыканкаму фармуюцца з прадстаўнікоў мясцовых грамадзкіх аб'яднаньняў, арганізацыйных структураў міжнародных і рэспубліканскіх грамадзкіх аб'яднаньняў, якія ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць на тэрыторыі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Рэспублікі Беларусь».
Абласныя грамадзкія назіральныя камісіі пры галоўных упраўленьнях юстыцыі аблвыканкамаў дзейнічаюць ва ўсіх абласьцях краіны. Мэта гэтых камісіяў – ажыцьцяўляць грамадзкі кантроль за дзейнасьцю органаў і ўстановаў, якія выконваюць пакараньне і іншыя меры крымінальнай адказнасьці.
Згодна з дадзенымі, апублікаванымі на сайце Міністэрства юстыцыі, у склад Віцебскай абласной грамадзкай назіральнай камісіі уваходзяць 11 чалавек. Ніводнага прадстаўніка праваабарончых арганізацыяў у складзе Віцебскай назіральнай камісіі няма.
Усе сябры камісіі прадстаўляюць рознага кшталту грамадзкія аб'яднаньні – ад фізкультурна-спартовага аб'яднаньня «Энэргетык-Ворша» да Віцебскай абласной арганізацыі БРСМ. Узначальвае працу камісіі Ігар Патапаў, прадстаўнік грамадзкага аб'яднаньня «Рускі культурны цэнтар "Русь"».
Віцебская вясна