З пытаньнем, ці мае мае права назіральнік на выбарчым участку выкарыстоўваць разнастайную оптыку - акуляры, бінокаль, манокаль, падзорную трубу, лярнэт і іншыя, - зьвярнуўся ў цэнтральную выбарчую камісію віцебскі актывіст Кастусь Мардзьвінцаў. Адказ, атрыманы ад старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай: карыстацца акулярамі назіральнік мае права, “што тычыцца спэцыяльных аптычных прыбораў, то іх скарыстаньне для ажыцьцяўленьня нагляданьня на ўчастку для галасаваньня выбарчым заканадаўствам не прадугледжана”.
На якой падставе, у такім разе, дазваляюцца акуляры, бо ж іх нашэньне таксама “выбарчым заканадаўствам не прадугледжана”, спадарыня Ярмошына не патлумачыла.
Пытаньне наконт прымяненьня сродкаў візуальнага назіраньня для таго, каб прасачыць працэс выдачы бюлетэняў, ход галасаваньня, падлік галасоў, зьяўляецца не такім пустым, як можа падацца на першы позірк. Практыка ранейшых выбараў у Беларусі паказала, што часьцяком на выбарчых участках ад назіральнікаў патрабуюць знаходзіцца ад удзельнікаў выбараў і сяброў выбарчых камісіяў на такой адлегласьці, што ўбачыць нешта можна, сапраўды, толькі калі карыстацца падзорнай трубою або, прынамсі, тэатральным біноклем.
“За правы чалавека”