Палітвязень Алесь Бяляцкі намінаваны на прэмію «За свабоду», заснаваную парлямэнтам Летувы, паведамляе летувіскае выданьне Lietuvos rytas. Варта адзначыць, што інфармацыя пра тое, што кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», магчыма, атрымае прэмію, зьявілася ў летувіскіх мэдыях у 10-ю гадавіну пазбаўленьня беларускімі ўладамі арганізацыі, якую ён узначальвае, юрыдычнага статусу.
Прапанова камісіі па вылучэньні Алеся Бяляцкага на прэмію было падтрыманае Фондам грамадзянскай абароны і Беларускім культурным таварыствам Летутвы. «За сваю адважную і пасьлядоўную падтрымку правоў чалавека ў Беларусі Алесь Бяляцкі ня раз ўзнагароджваўся ў сьвеце», - адзначаецца ў заяве згаданых арганізацыяў. Таксама ў гэтай заяве падкрэсьліваецца, што цэнтар «Вясна», які ўзначальвае Бяляцкі, зьяўляецца адной з самых уплывовых праваабарончых арганізацыяў у Беларусі, якая аказвае юрыдычную і іншую дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсіяў ды іх сем’ям.
З 1988 году Алесь Бяляцкі арыштоўваўся больш за 20 разоў за сваю палітычную, грамадзянскую і сацыяльную дзейнасьць . Апошні раз Бяляцкі быў арыштаваны на пачатку жніўня 2011 году, пасьля чаго суд прыгаварыў яго да 4,5 гадоў узмоцненага рэжыму ў папраўчай калёніі. Ён быў прызнаны вінаватым у нявыплаце падаткаў на сродкі, што знаходзяцца на рахунках у замежных банках - Алесь Бяляцкі, які ня мог афіцыйна зарэгістраваць арганізацыю ў Беларусі, выкарыстоўваў гэтыя сродкі на дапамогу ахвярам рэпрэсіяў.
Дадзеныя пра банкаўскія рахункі Алеся Бяляцкага былі перададзеныя Менску Пракуратурай Польшчы і Міністэрствам юстыцыі Летувы. Вылучыўшы яго на прэмію, Вільня і Варшава прызналі сваю памылку і прадэманстравалі, што яны просяць прабачэньня перад беларускім праваабаронцам.
Прэмія «За свабоду» прыватным асобам і арганізацыям за іх дасягненьні і ўнёсак у абарону правоў чалавека, разьвіцьцё дэмакратыі, разьвіцьцё прыгранічнага супрацоўніцтва, за барацьбу нацыяў ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе за самавызначэньне і сувэрэнітэт была заснаваная 15 верасьня 2011 году летувіскім парлямэнтам, які прыняў адмысловы закон. Памер прэміі складае 5 000 эўра ( 17 250 літ).
Першым уладальнікам прэміі стаў у 2011 годзе актыўны змагар за свабоду і дэмакратыю расейскі праваабаронца і дысыдэнт Сяргей Кавалёў. Прэмію 2012 году атрымаў былы савецкі дысыдэнт, кіраўнік «Лігі свабоды» Антон Терляцкас.