Падлеткавую папраўчую калёнію ў Віцебску плянуюць зачыніць. Пра гэта паведаміў намесьнік начальніка аддзелу ўпраўленьня прафіляктыкі Міністэрства ўнутраных спраў Валер Мялешка. “Паступова мы прыйшлі да таго, што ў нас застанецца адна падлеткавая калёнія - у Бабруйску, дый там зьмяшчаецца зусім ня шмат зьняволеных. Раней такіх калёніяў было тры - яшчэ дзьве ў Віцебску. Адна зь іх зачыненая некалькі гадоў таму, другую таксама плянуецца зачыніць”, - распавёў Валер Мялешка.
Ён растлумачыў, што пазбаўленьне волі - гэта выключная мера пакараньня для падлетка, і на яе ідуць толькі ў самым крайнім выпадку. Звычайна імкнуцца прымяняць больш мяккае пакараньне. “Гэта правільна, бо мы павінны перавыхоўваць падлеткаў, у каго здарылася непрыемнасьць з законам”, - падкрэсьліў ён. У цяперашні час прыярытэт аддаецца выхаваўчым і лячэбна-выхаваўчым установам, бо яны даюць магчымасьць на раньнім этапе паўплываць на падлетка. Аднак і рашэньне аб накіраваньні падлеткаў у такія ўстановы прымаецца толькі судом. “Гэтая працэдура дакладна рэгулюецца законам, і цяпер у 4 такіх установах у нас утрымліваецца каля 300 дзяцей”, - адзначыў Валер Мялешка.
БелТА