Інфармацыйная ўстанова «Нью Платформ інавэйшан» («Пляцформа») зьвярнулася ў Генэральную пракуратуру з просьбай адрэагаваць на факты ціску, які, наколькі вядома арганізацыі, аказваюць на палітвязьня Міхаіла Жамчужнага супрацоўнікі адміністрацыі калёніі № 9 у Горках. Пра гэта паведаміў на прэс-канфэрэнцыі 15 жніўня ў Менску дырэктар «Пляцформы» Андрэй Бандарэнка.
«У адносінах да Жамчужнага цяпер ужываецца жорсткае і бесчалавечнае абыходжаньне, – заявіў дырэктар „Пляцформы“. – Ён ужо двойчы пабываў у штрафным ізалятары. Фармальна – за тое, што адмовіўся выканаць законнае патрабаваньне супрацоўнікаў адміністрацыі, а насамрэч – за тое, што адмовіўся пайсьці ў атрад № 13, дзе ўтрымліваюцца асуджаныя з так званым нізкім або нявызначаным статусам... Міхаіл супраціўляўся і ў выніку быў пакараны штрафным ізалятарам».
«Наданьне асуджанаму нефармальных статусаў зьяўляецца элемэнтам ціску, які ажыцьцяўляецца, у першую чаргу, празь зьняволеных, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй. Чыніцца пэўная правакацыя, і ў далейшым асуджанаму даводзіцца або прасіць ужыць да яго меры бясьпекі, альбо існаваць у досыць ганебных умовах, выконваць самыя зьневажальныя і абразьлівыя работы, адчуваць абмежаваньні сярод іншых асуджаных», – сказаў Бандарэнка.
Дырэктар «Пляцформы» ня выключыў, што ў дачыненьні да Жамчужнага можа быць распачатая крымінальная справа паводле артыкулу 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўнікаў адміністрацыі).
Бандарэнка паведаміў, што «Пляцформа» разам з калегамі мае намер праінфармаваць пра сытуацыю з Жамчужным і праблемы беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы ў цэлым прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі, міжнародную праваабарончую арганізацыю Amnesty International і спэцыяльнага дакладчыка ААН па сытуацыі ў Беларусі Міклаша Харасьці.
Міхаіл Жамчужны – былы дацэнт Віцебскага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту, кандыдат тэхнічных навук, аўтар некалькіх навуковых манаграфіяў і распрацовак, вынаходнік. Першым у Беларусі зарэгістраваў самаробны аўтамабіль на альтэрнатыўным паліве.
У ліпені 2015 году Віцебскі абласны суд прызнаў Жамчужнага вінаватым у падбухторваньні да наўмыснага разгалошваньня зьвестак, якія складаюць службовую таямніцу, незаконным набыцьці і збыце спэцыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, і дачы хабару. Праваабаронцу прысудзілі да шасьці гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суду, разгледзеўшы ў кастрычніку таго ж году касацыйную скаргу на прысуд, прызначыла яму больш строгае пакараньне – шэсьць з паловай гадоў пазбаўленьня волі.
Беларускія праваабаронцы прызналі Жамчужнага палітвязьнем.
Жамчужны ўтрымліваўся ў калёніі ў Навасадах (Барысаўскі раён Менскай вобласьці), затым у калёніі № 11 у Ваўкавыску (Гарадзенская вобласьць). 10 ліпеня ён пераведзены ў Горкі.
svaboda.org