Найлепшы спосаб адстойваць свае правы – пасылаць падалей тых, хто перашкаджае гэта рабіць. Так мяркуе лідэр «Маладога Фронту» Зьміцер Дашкевіч, якому, нагадаем, 17 чэрвеня была ўручаная прэмія «За свабоду думкі».
Адказваючы на пытаньне нашага карэспандэнта аб праве працоўных на ўдзел у прафсаюзе, Зьміцер назваў злачынствам дзеяньні дзяржаўных чыноўнікаў і начальнікаў, якія забараняюць уступаць у свабодныя, незалежныя прафсаюзы. Такія чыноўнікі любяць зьдзяйсьняць свае злачынствы ўпотай, таемна ад навакольных.
Паводле Дашкевіча, мы маем законнае права далучацца да свабодных прафсаюзаў і абараняць сваё права на годную працу. Чаму нам нехта навязвае адмову ад ўступленьня ў свабодны прафсаюз? Навязвае толькі таму, што мы дазваляем гэта навязаць!
«Я сам працоўны. За намі, за працоўнымі людзьмі, будзе перамога... – упэўнены лідэр «Маладога Фронту». – Проста трэба спакойна, сьціпла змагацца за свае правы. Гэтага ў нас ніхто не адбярэ».