Дэмакратычныя сілы Беларусі прынялі заяву ў абарону Аляксея Мілюкова-Жалнова, сына вядомага незалежнага блогера, які адбывае пакараньне на “хіміі” ў Наваполацку і якому ўлады інкрымінуюць парушэньне рэжыму адбываньня пакараньня, праз што могуць на 3 гады пазбавіць яго волі.
З заявай у яго падтрымку выступілі, у прыватнасьці, Генадзь Фядыніч, Ірына Вештард, Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі, Уладзімер Някляеў, Мікола Статкевіч, Аляксандар Бухвостаў, Вячаслаў Сіўчык і іншыя.
“У Беларусі сыстэма пакараньня засталася ў спадчыну ад савецкіх часоў і зьяўляецца тэрыторыяй прававога бязьмежжа, псыхалягічнага ціску і фізычнага катаваньня для дзясяткаў тысяч асуджаных беларусаў. І гэта ня ўлічваючы залежнасьці беларускай судовай сыстэмы, калі многія людзі кінутыя за краты незаконна. Я ўпэўнены, што прычынай зьняволеньня Аляксея Мілюкова стаўся палітычны ціск на яго бацьку. Сёньня яго перасьледуюць толькі за тое, што ён патрабаваў справядлівай аплаты сваёй працы. Самі фармулёўкі парушэньня рэжыму, такія як неналежным чынам запраўлены ложак альбо пакінуты ў пакоі на падзарадцы мабільны тэлефон, гучаць проста зьдзекліва”, – адзначыў у камэнтары сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.
“Мы заклікаем абараніць Аляксея Мілюкова, заклікаем праваабарончыя арганізацыі і міжнародную супольнасьць зьвярнуць увагу на тое, што робіцца ў беларускай сыстэме пакараньня. Трэба дамагацца, каб у беларускіх вязьніцах не катавалі, не забівалі і не даводзілі да самагубства людзей. Таксама заклікаем неабыякавых грамадзян Беларусі падтрымаць Аляксея Мілюкова і выступаць у яго абарону”, – дадаў сустаршыня БХД.
bchd.info