Лідара незарэгістраванай моладзевай арганізацыі “Малады фронт” Зьмітра Дашкевіча этапавалі з Глыбоцкай калёніі ў Віцебскі сьледчы ізалятар сёньня ўначы. Пра гэта паведаміла ў сваім акаўнце на Facebook ягоная нявеста Наста Палажанка.
“Сёньня ўночы ў Зьмітра этап на Віцебскае СІЗА-2... Яго можна падтрымаць, даслаўшы паштоўку альбо тэлеграму па нумару 166 на адрэсу: Віцебск, Гагарына 2, СІЗА-2. 210026.
Этап – самае паскуднае, што можа быць у жыцьці зьняволенага. Апошні этап быў сапраўдным катаваньнем для Зьмітра і Саннікава, якіх сустрэлі ў адных і тых жа прэс-хатах Віцебскага СІЗА. Прашу малітвы за Зьмітра...” – напісала Палажанка.
Нагадаем, што 28 жніўня на закрытым выязным пасяджэньні ў глыбоцкай калёніі суд прызнаў Зьмітра Дашкевіча вінаватым у «злосным непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы» і пакараў яго годам пазбаўленьня волі.
У глыбоцкай калёніі Дашкевіч сядзеў па крымінальнай справе, якую ўзбудзілі перад прэзідэнцкімі выбарамі 2010 года. Лідара «Маладога фронту» і ягонага паплечніка Эдуарда Лобава затрымалі па абвінавачваньні ў зьбіцьці двух мужчын. Увесну 2011 года Дашкевіча асудзілі да двух гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Лобаву далі чатыры гады. Дашкевіч і Лобаў прызнаныя палітычнымі вязьнямі.