Жонка зьняволенага ў Магілёўскай калёніі №19 Сяргея Каваленкі ўжо даўно не атрымлівала лістоў ад свайго мужа, які пасьля 16 сутак праведзеных у ШІЗА, трапіў у медычную частку калёніі. Пра стан ягонага здароўя пакуль нічога невядома.
“Дыялёг” гутарыў з Аленай Каваленка пра жорсткасць турэмнага рэжыму ў дачыненьні да “палітычных”, інфармацыйную ізаляцыю і будучыню справы Мірона.
– Так, Сяргей знаходзіцца ў медчастцы калёніі. Прынамсі яшчэ ў пятніцу ён быў там. Але чаму ён туды трапіў адразу з ШІЗА, мінуючы атрад, я дакладна ня ведаю. Сёньня спрабавала высьветліць па тэлефоне. Але ў калёніі мне адказалі, што яны не маюць права даваць такія зьвесткі па тэлефоне. Маўляў, трэба зьвяртацца толькі ў пісьмовым выглядзе да начальніка калёніі. І тады цягам трох дзён яны павінны даць адказ. Таму сёньня адаслала туды заказны ліст. У ім запыталася, зь якіх прычын мой муж трапіў у ШІЗА на такі вялікі тэрмін і чаму адтуль быў адразу пераведзены ў медычную частку калёніі і знаходзіцца там ізалявана ад іншых зьняволеных.
– Ці сапраўды Сяргей не прызнаў сваёй віны, хаця напісаў прашэньне аб памілаваньні, і ці гэта магло справакаваць той ціск, які на яго аказваюць турэмшчыкі?
– Ён напісаў у прашэньні усяго адзін радок: прашу мяне памілаваць. Але вінаватым сябе не прызнаў. Таму ў ШІЗА, я мяркую, на яго і адбываўся моцны ціск, бо ён не прызнаў сваёй віны, як таго хацелася б турэмшчыкам. Але рабіць ён гэтага не будзе ні ў якім разе, бо невінаваты. Да таго ж, магчыма, сваю ролю адыграла вялікая колькасьць журналістаў, якія сустракалі мяне ля магілёўскай калёніі падчас спатканьня ў ліпені, і тое, што ў сеціве зьявіліся фотаздымкі калёніі. Магчыма, кіраўніцтва калёніі атрымала за гэта наганяй і пасьля адыгралася на Сяргею.
Я думаю, што яны перасьледуюць шмат мэтаў, кідаючы мужа ў штрафны ізалятар, нягледзячы на ягоны стан здароўя. Галоўнае для іх – зламаць чалавека, цалкам прынізіць яго, прымусіць яго адмовіцца ад сваіх прынцыпаў. Сяргей гэта ніколі ня зробіць. Для мяне гэта відавочна.
– Але ж у Магілёве яму, мусіць, усё ж лягчэй, чым было ў калёніі “Віцьба-3”?
– Калі ўлічваць, што ў “Віцьбе” ён быў наогул у крытычным стане – дык так. Але калі я была на доўгатэрміновым спатканьні ў магілёўскай калёніі, Сяргей мне распавядаў, як у канцы чэрвеня патрапіў першы раз у ШІЗА. Казаў, што там вельмі халодна. Даводзілася па пяць-шэсьць разоў за ноч уставаць і рабіць фізычныя практыкаваньні, каб сагрэцца. Быў выбіты кавалак шклу ў акенцы, і туды зацякала вільгаць.
Гэта нечалавечыя ўмовы! Аж ня верыцца, што XXI стагодзьдзе на дварэ. Такая Беларусь…Сучасная Беларусь. Але сапраўдная Беларусь – яна не такая. І хочацца спадзявацца і верыць у тое што неўзабаве яна будзе зусім іншай. Свабоднай, вольнай, еўрапейскай.
– Ці часта атрымліваеш ад Сяргея лісты?
Не. І гэта мяне вельмі непакоіць. Аж ад 27 ліпеня, як прыехала з сустрэчы, аніводнага ліста ад яго не атрымала. 16 сутак у ШІЗА, куды трапіў ужо 28 ліпеня. Потым – медычная частка. У яго няма магчымасьці пісаць.
– Калі адбудзецца наступная сустрэча?
– Ой, вельмі няхутка. Кароткатэрміновае спатканьне адбылося ў сярэдзіне чэрвеня, доўгатэрміновае – у канцы ліпеня. Нам даюць тры кароткатэрміновых спатканьні і тры доўгатэрміновых за год. Калі, канешне, крый божа, тых спатканьняў не пазбавяць. Так што наступнае кароткатэрміновае – не раней чым у сярэдзіне кастрычніка. Шмат яшчэ часу, улічваючы што сувязі амаль што няма – лісты ня йдуць, званкоў няма.
Як я ведаю, кожны зьняволены мае права патэлефанаваць тры разы на месяц. Сяргей за ўсе тры месяцы, якія ён знаходзіцца ў магілёўскай калёніі, тэлефанаваў толькі адзін раз. Гэта шмат пра што гаворыць. Вельмі цяжка людзям, асуджаным па палітычных матывах. Нашмат больш цяжка, чым простым “ўгалоўнікам”.
– Ці адчуваеш падтрымку грамадзкасьці? Хапіла сродкаў на тое, каб сабраць у школу дзетак?
– Ну, дзякуючы людзям… Беларусам, беларусам замежжа, палякам, замежнікам, кампаніі Мігальскага “Свабоду для Сяргея Каваленкі!” Усіх не пералічыць. Дзякую ўсім!
– Алена, так атрымалася, што наша размова выпала якраз на імяніны Мірона. Для многіх Сяргей Каваленка – увасабленьне гэтага міфічнага героя. Ці будзе жыць ягоная справа? Ці няма апошнім часам адчуваньня, што справа гэтая затухае…
– Канешне, будзе жыць! Нацыянальныя сьцягі і зараз, бывае, лунаюць над Віцебскам. Праўда, ня так часта, як хацелася б.
Я ўпэўнена, што наш сьцяг у хуткім часе стане афіцыйным і пад ім будуць жыць усе вольныя і свабодныя беларусы. І Сяргей – адзін са стваральнікаў, ці, дакладней, складнікаў, гэтага зборнага і легендарнага вобраза беларускага патрыёта. Мы вельмі чакаем яго вызваленьня.