Як паведамляюць беларускія турапэратары, у айчынных турыстычных кампаніяў узьніклі складанасьці зь пераводам грошай партнэрам за мяжу праз банкі з расейскім капіталам, прадстаўленыя ў Беларусі. Так, на цэлы тыдзень затрыманы даляравы плацёж праз «Белзьнешэканомбанк» у аднаго з буйных беларускіх турапэратараў.
Вядзецца пра некалькі плацяжоў праз амэрыканскі карэспандэнцкія рахункі ў памеры дзясяткаў тысяч даляраў. Грошы «падвісьлі», на просьбу растлумачыць сытуацыю супрацоўнікі банку ў неафіцыйнай гутарцы адказалі турапэратару, што гэта адбылося «ў сьвятле апошніх падзеяў» (гаворка ідзе пра санкцыі, якія наклалі Эўразьвяз і ЗША на шэраг расейскіх структур).
Паводле слоў турапэратара, банк абяцае разабрацца з праблемай, хоць і намякае, што грошы «БелВЭБ», як і мае быць, пералічыў амэрыканскаму банку, такім чынам, сваю частку апэрацыі выканаў, а пакуль прапануе другі раз (!) перавесьці грошы за мяжу празь іншыя карэспандэнцкія рахункі. Сытуацыя пагаршаецца той акалічнасьцю, што ў цяперашні момант у разгары актыўны турыстычны сэзон і чакаць доўга, пакуль банк знойдзе спосаб вярнуць «замарожаны» плацёж, фірма ня можа - замежныя партнэры могуць адмовіцца разьмяшчаць турыстаў, за туры якіх не паступілі грошы. Выходзіць, што застаецца - плаціць ў другі раз? Натуральна, турапэратар ў паніцы!
У той самы час, паводле афіцыйнай інфармацыі, якую агучыў намесьнік старшыні праўленьня «БелВЭБ» Андрэй Раманенка, затрымка ніяк ня можа быць зьвязаная з санкцыямі. На гэта ёсьць шэраг абставінаў. Па-першае, санкцыі ніякім чынам ня тычацца такога пытаньня, як плацяжы, яны зьвязаныя толькі з забаронай на дачу замежных рэсурсаў і крэдытаў адпаведным банкам. Па-другое, беларускія банкі з расейскім капіталам такіх крэдытаў ніколі ня бралі, дык што наогул адсутнічае якая-небудзь магчымасьць зьвязаць дзеяньні амэрыканскага банку з санкцыйнымі праблемамі. Паводле слоў Андрэя Раманенкі, затрымкі плацяжоў праз амэрыканскія карэспандэнцкія рахункі ня рэдкасьць, бо банкі ЗША досыць часта практыкуюць праверкі фірмаў, якія ажыцьцяўляюць плацяжы. Праўда, як правіла вядзецца толькі пра затрымкі на 1-2 дні, у цяперашнім жа выпадку некалькі плацяжоў «замарожаныя» ўжо тыдзень.
«Такога ніколі не было, - кажа прадстаўнік турфірмы, - у будучыні будзем выбіраць для працы банкі без расейскіх актываў!»
Нагадаем, што, апроч «Белзьнешэканомбанку», у Беларусі працуюць яшчэ два расейскія банкі, на якія накладзеныя санкцыі, - «Газпромбанк» і «ВТБ».
Дык што ж адбылося насамрэч з грашыма турфірмы, якая паспрабавала перавесьці іх за мяжу з дапамогай расейскага і карэспандэнцкага амэрыканскага банкаў, і ці можа гэта сапраўды быць зьвязана са згаданымі санкцыямі?
«Беларускія кампаніі цалкам могуць стаць ахвярамі ўскосных наступстваў санкцыяў, - лічыць старшыня менскага зьвязу прадпрымальнікаў і наймальнікаў Уладзімер Карагін. - Як паказвае досьвед, сфэры ўжываньня любых санкцыяў могуць быць вельмі суб'ектыўныя. Напрыклад, нядаўна мы былі на адным эўрапейскім форуме, і фінскія, шведзкія бізнэсоўцы распавялі нам пра забарону весьці бізнэс зь любымі расейскімі кампаніямі, як-небудзь зьвязанымі з нафтагазавым комплексам. Хоць у санкцыях такога і не прапісана. Такім чынам, мы бачым, як на нашых вачох звычайны сумленны бізнэс становіцца закладнікам палітыкаў, якія ня могуць дамовіцца. Вядома, мы выступаем супраць такога стану рэчаў!»
Што ж, цалкам магчыма, што беларускі турбізнэс стаў менавіта закладнікам ускосных, нідзе не прапісаных, але рэальна існуючых наступстваў санкцыяў. У такім выпадку служачы амэрыканскага банку, убачыўшы назву расейскага банку, унесенага ў чорны сьпіс, мог замарозіць плацяжы, адправіць на працяглыя пераправеркі і гэтак далей, кіруючыся менавіта гэтымі самымі ўскоснымі акалічнасьцямі.
Цікава ў гэтай сытуацыі тое, што санкцыі, што ня раз накладваліся Эўразьвязам і ЗША непасрэдна на беларускія прадпрыемствы, ніколі наўпрост ня тычыліся беларускага малога і сярэдняга бізнэсу. Першы ж ўдар па расейскай банкаўскай сыстэме - і вось ужо беларускія турапэратары панікуюць. Гэта сьведчыць пра тое, наколькі моцна насамрэч прывязаная эканоміка Беларусі да расейскіх рэаліяў і расейскай палітыка. Відавочна, што застацца ў баку ад таго, што адбываецца ў нашых усходніх суседзяў, Беларусі ня ўдасца.
tio.by