35 базавых велічынь прысудзіў судзьдзя Глыбоцкага райсуду Андрэй Тарасевіч незалежнаму журналісту з Глыбокага Зьмітру Лупачу. Зьмітра судзілі ў новым будынку Глыбоцкага суду, які адкрылі некалькі дзён таму.
На журналіста завялі адміністрацыйную справу за сюжэт пра далучэньне Глыбоцкага малочна-кансэрвавага камбінату да камбікормавага заводу. Справу зноў ініцыявалі глыбоцкія міліцыянты, у прыватнасьці старшы інспэктар аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі Глыбоцкага РАУС Вадзім Кучыц.
Зьміцер Лупач лічыць, што яго пакаралі несправядліва: «Але гэта адбываецца паўсюль: і ў Гомлі, і ў нас, у Глыбокім, і ў Менску зараз. Таму я лічу, што журналісцкай супольнасьці трэба празь міжнародныя структуры, праз эўрапейскія, зьвяртацца да кіраўніцтва тых краін, каб неяк аказаць ціск на нашу краіну. Бо сам інстытут акрэдытацыі, які існуе ў Беларусі, трэба адмяніць. Наколькі я ведаю, ва ўсіх цывілізаваных краінах гэтага няма, чалавек можа свабодна распаўсюджваць інфармацыю».
Падчас адкрыцьця новага будынку Глыбоцкага суду старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала сказаў: «Тут ёсьць усё, што патрэбна для правасудзьдзя, і ў той самы час зроблена прыгожа і зручна». Але правасудзьдзя ў Глыбокім не адбылося – Зьміцер Лупач быў ізноў пакараны. Нягледзячы на тое, што, згодна з палажэньнямі Закону «Аб сродках масавай інфармацыі», толькі рэдакцыі СМІ могуць прыцягвацца да адказнасьці паводле артыкулу 22.9. Ён датычыцца толькі юрыдычных асобаў, а не фізычных.
Тацяна Смоткіна, racyja.com