Разглядаючы касацыйную скаргу, судзьдзі калегіі па грамадзянскіх справах Віцебскага абласнога суду адмовіліся даць жыхарцы Віцебску, ураджэнцы Ўкраіны і ўкраінцы па нацыянальнасьці Антаніне Піванос магчымасьць скарыстацца перакладчыкам.
Антаніна Апанасаўна – пэнсіянэрка. Нарадзіўшыся ва Ўкраіне і зьяўляючыся этнічнай украінкай, яна бездакорна валодае толькі ўкраінскай мовай. На беларускай жа і расейскай можа размаўляць, але, паводле яе словаў, ведае гэтыя мовы недастаткова добра, каб дакладна і адназначна разумець усё сказанае судзьдзямі, Таму 2 траўня падчас разгляду справы яна хадайнічала перад судом даць ёй перакладчыка з расейскай мовы, на якой вёўся судовы працэс, на ўкраінскую.
Аднак судовая калегія ў складзе старшынствуючага судзьдзі Федарцова, судзьдзяў Хількевіч і Калесьніка адмовілася задаволіць хадайніцтва спадарыні Піванос, абгрунтаваўшы свой рашэньне тым, што расейская мова больш «прыгожая» ў параўнаньні з украінскім мовай, на якой гаварыла Піванос падчас судовага разбору. Гэткае абгрунтаваньне адмовы вельмі абурыла пэнсіянэрку. Яна палічыла, што такім чынам судзьдзі калегіі праявілі «непавагу, пагарду і прыніжэньне нацыянальнай меншасьці», якой зьяўляюцца ўкраінцы ў Беларусі. На гэтай падставе яна зьвярнулася ў пракуратуру Віцебскай вобласьці.
У пракуратуры не надалі асаблівай увагі факту дыскрымінацыі грамадзянкі Піванос паводле моўнай прыкметы з боку судзьдзяў абласнога суду. Аднак параілі ёй падаць ў абласную пракуратуру абгрунтаваную наглядную скаргу на вызначэньне суду першай інстанцыі і судовай калегіі аб парушэньні яе правоў спажыўца з боку прыватнай кампаніі. Таксама намесьнік пракурора Віцебскай вобласьці Каранько накіраваў копію скаргі Антаніны Апанасаўны старшыню Віцебскага абласнога суду Мікалаю Хамічонку з просьбай разгледзець па сутнасьці яе прыватныя скаргі на судовую калегію па грамадзянскіх справах і даць ёй абгрунтаваны адказ.
У адказе старшыні суду паведамляецца, што фактаў праявы нэгатыўнага, недобразычлівага стаўленьня, або непавагі да ўдзельнікаў працэсу з боку яго падначаленых падчас разгляду справы Піванос выяўлена не было. А ўсе довады пэнсіянэркі пра парушэньне нормаў грамадзянскага працэсуальнага заканадаўства судом касацыйнай інстанцыі прызнаў неабгрунтаванымі. Кажучы простай мовай, калі вы дрэнна валодаеце расейскай мовай і таму недастаткова разумееце, што вам кажуць судзьдзі падчас разгляду судом вашай справы, дык гэта не праблема суду, а ваша асабістая праблема.
Тым ня менш Антаніна Піванос не пагадзілася з пазыцыяй абласной пракуратуры і суду, якія, на яе думку, павінны прытрымлівацца дзейнага працэсуальнага заканадаўства і быць інстанцыямі, дзе паважаюць грамадзянскія правы і, у прыватнасьці, абараняюць грамадзян ад дыскрымінацыі.
У цяперашні час Антаніна Апанасаўна зьбірае неабходныя дакумэнты для падачы скаргі ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь. Яна спадзяецца, што гэты найвышэйшы судовы орган краіны аб'ектыўна разьбярэцца ў сытуацыі, якая склалася, выкрые і пакарае вінаватых судзьдзяў Віцебскага абласнога суду, якія дапусьцілі дыскрымінацыю паводле моўнай прыкметы.