Сапраўдныя шэксьпіраўскія жарсьці кіпелі 7 лютага на паседжаньні Віцебскай абласной рады Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Складвалася ўражаньне, што яго дэлегаты ідуць у апошні бой. Слоўныя сваркі абвастраліся настолькі, што, здавалася, яшчэ крыху і справа дойдзе да рукапрыкладзтва. Як распавядалі пасьля самі ўдзельнікі падзеяў, такога на іх памяці яшчэ не было.
Паўстае слушнае пытаньне: што ж сталася падставай для нічым не прыхаванай канфрантацыі? Усё вельмі проста. У наступным месяцы плянуецца правядзеньне чарговага зьезду партыі. І ні для каго не таямніца, што выбары новага лідэра абяцаюць перарасьці ў займальную баталію.
Рэч у тым, што, на думку недзе паловы сяброў партыі, цяперашні яе лідэр, Ірына Вештард, за час свайго кіраўніцтва ня справілася з працай. Больш таго, найбольш радыкальныя прадстаўнікі апазыцыі мяркуюць, што яе дзеяньні плянамерна накіраваныя на развал партыі. І на маючых адбыцца выбарах будуць вылучаць свайго лідэра – кіраўніка Берасьцейскай абласной арганізацыі Ігара Маслоўскага. Адпаведна, іх апанэнты зноў зьбіраюцца ставіць на Вештард. У сувязі з гэтым ня выключаны варыянт, калі адзін голас можа стаць вырашальным. А віцебскае паседжаньне якраз і абірала дэлегатаў на маючы адбыцца зьезд.
Вось тут і разгарэліся жарсьці. Некаторыя ўдзельнікі мерапрыемства прад'яўлялі адзін аднаму абвінавачаньні ў нячыстасьці, хлусьні, шматпартыйнасьці, несапраўднасьці пратаколаў першасных арганізацыяў, якія вылучылі дэлегатаў на гэтае паседжаньне, і да т.п.
У выніку несапраўдным прызналі пратакол пастаўскай суполкі, бо аднаго з удзельнікаў сходу, які праходзіў на мінулым тыдні, занесенага ў пратакол, насамрэч ужо сем гадоў як няма сярод жывых. А старшыня гэтага сходу, як высьветлілася, зьяўляецца сябром ня толькі «Грамады», але таксама БХД і БНФ. Урэшце трое дэлегатаў ад Паставаў былі пазбаўленыя права голасу.
Такім чынам, фракцыя ў падтрымку Ігара Маслоўскага атрымала большасьць і, адпаведна, вылучыла на зьезд дэлегатаў, якія прагаласуюць у яго падтрымку.
Яўген Парчынскі, freeregion.info