Камітэт ААН па правох чалавека апублікаваў чарговае рашэньне, прынятае наконт скаргі жыхара Віцебску. Згодна з гэтым рашэньнем, Беларусь парушыла правы Тараса Сургана, якія забясьпечваюцца часткай 2 артыкулу 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох.
Частка 2 артыкулу 19 пакту абвяшчае: «Кожны чалавек мае права на свабоднае выказваньне свайго меркаваньня; гэтае права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага кшталту інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз друк або мастацкія формы выражэньня, ці іншымі спосабамі на свой выбар».
Падзеі, якія вымусілі Тараса паскардзіцца ў КПЧ, здарыліся шэсьць з паловай гадоў таму. 16 ліпеня 2009 году, у дзень салідарнасьці з ахвярамі рэпрэсіяў з боку палітычнага рэжыму, ён паспрабаваў быў прымацаваць бел-чырвона-белы сьцяг да парапэту моста Блахіна. Віцебскія супрацоўнікі аховы правапарадку выявіліся пільнымі – актывіста затрымалі, адвезьлі ў міліцэйскі пастарунак, дзе склалі пратакол аб правапарушэньні, а сьцяг канфіскавалі.
Празь некалькі дзён адбыўся суд. Дзеяньні актывіста былі кваліфікаваныя як удзел у несанкцыянаваным пікеце, і ў адпаведнасьці з часткай 1 артыкулу 23.34 КаАП ён быў аштрафаваны на 175 тысяч рублёў (на той час гэта было эквівалентна недзе 43-м эўра). Спробы Тараса Сургана абскардзіць судовую пастанову посьпеху не прынесьлі: і Віцебскі абласны, і Вярхоўны суды прызналі рашэньне суду Чыгуначнага раёну Віцебску слушным.
У сваім звароце ў КПЧ Тарас Сурган паведаміў, што праз вывешваньне беларускага нацыянальнага сьцягу, які не забаронены ў краіне, ён сапраўды выказваў свае палітычныя погляды, а права публічна выказваць сваё меркаваньне гарантуецца артыкулам 33 Канстытуцыі. На яго думку, суд памыліўся, паставіўшы яму ў віну парушэньне працэдуры арганізацыі або правядзеньня масавага мерапрыемства, бо ў акцыі ён удзельнічаў адзін, таму ніякага масавага мерапрыемства не было. Тарас Сурган таксама адзначыў, што за 10 хвілін, што ён правёў на мосьце, пакуль яго ні затрымалі, ён ніякім чынам не парушыў правы іншых людзей ды не нанёс ніякай шкоды ані грамадзянам, ані гораду.
Падчас камунікацыі з КПЧ, бок дзяржавы нічога ня стаў камэнтаваць па сутнасьці справы, а толькі настойваў, што зварот Сургана камітэт павінен прызнаць непрымальным, бо той нібыта ня вычарпаў усіх унутраных сродкаў прававой абароны, не падаўшы ў Генпракуратуру нагляднай скаргі. Пазьней прадстаўнікі дзяржавы наогул заявілі, што камітэт зарэгістраваў зварот віцебскага актывіста ў парушэньне артыкулу 1 Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох. Было таксама заяўлена, што хаця Беларусь як дзяржава прызнае кампэтэнцыю КПЧ прымаць і разглядаць паведамленьні асобаў, якія сьцьвярджаюць, што сталі ахвярамі парушэньня іх правоў, але пры гэтым не абавязаная прызнаваць правілы працэдуры камітэту і ягоную інтэрпрэтацыю палажэньняў пратаколу.
«Было адзначана, што любыя паведамленьні, зарэгістраваныя ў парушэньне палажэньняў Факультатыўнага пратаколу, будуць разглядацца дзяржавай-удзельнікам як несумяшчальныя з Факультатыўным пратаколам і будуць адкідацца без камэнтароў наконт прымальнасьці або па сутнасьці. Улады дзяржавы таксама заяўляюць, што рашэньні, прынятыя камітэтам адносна такіх “адкінутых паведамленьняў” будуць разглядацца імі як “несапраўдныя”», – апісвае камітэт вынік яго зносінаў зь беларускімі ўладамі наконт справы Сургана.
Нежаданьне Беларусі супрацоўнічаць з КПЧ не засталося без увагі апошняга. У рашэньні па справе Сургана пазыцыі, заяўленай беларускімі ўладамі, прысьвечаны асобны разьдзел:
«Камітэт нагадвае, што артыкул 39 (2) Пакту дае камітэту права ўводзіць свае ўласныя правілы працэдуры, якія дзяржавы-ўдзельнікі пагадзіліся прызнаваць... Мяркуецца, што, далучаючыся да Факультатыўнага пратаколу, дзяржава бярэ на сябе абавязак супрацоўнічаць з Камітэтам у духу добрай волі... Зьяўляецца несумяшчальным з гэтымі забавязаньнямі, калі дзяржава-ўдзельнік робіць што-кольвек, замінаючы або перашкаджаючы камітэту разглядаць і вывучаць паведамленьні ды прымаць свае рашэньні. Гэта вырашае менавіта камітэт – ці рэгістраваць справу. Адмовіўшыся прызнаваць кампэтэнцыю Камітэту вызначаць, ці павінна быць зарэгістраванае тое ці іншае паведамленьне, і адкрыта абвясьціўшы пра сваё непрызнаньне рашэньняў камітэту наконт прымальнасьці і па сутнасьці паведамленьняў, дзяржава-ўдзельнік парушыла свае забавязаньні, прадугледжаныя артыкулам 1 Факультатыўнага пратаколу».
Што тычыцца непасрэдна справы Тараса Сургана, то КПЧ прыняў да ведама заўвагу ўладаў Беларусі, што актывіст не зьвярнуўся ў Генпракуратуру з нагляднай скаргай, але нагадаў сваю практыку, згодна зь якой такі зварот не разглядаецца як сродак прававой абароны, які павінен быць вычарпаны. Камітэт прыйшоў да высновы, што для мэтаў прымальнасьці спадар Сурган у дастатковай ступені абгрунтаваў сваю заяву наконт парушэньня дзяржавай часткі 2 артыкулу 19 пакту.
Разглядаючы справу па сутнасьці, камітэт адзначыў, што ўлады Беларусі нават не паспрабавалі патлумачыць, дзеля дасягненьня якіх законных мэтаў, як яны выкладзеныя ў частцы 3 артыкулу 19 пакту, Тарас Сурган павінен быў атрымліваць дазвол на праведзеную ім акцыю, і навошта трэба было яго арыштоўваць, накладаць на яго штраф і канфіскоўваць сьцяг, які яму належаў. Таксама ўлады не патлумачылі, як на практыцы дзеяньні актывіста парушылі правы і свабоды іншых людзей або паставілі пад пагрозу грамадзкую бясьпеку або грамадзкі лад. У сьвятле гэтага камітэт зрабіў заключэньне, што прадстаўленыя яму факты сьведчаць пра парушэньне Беларусьсю правоў віцебскага актывіста.
«У адпаведнасьці з артыкулам 2 (3) (a) Пакту, дзяржава-ўдзельнік абавязаная забясьпечыць аўтару эфэктыўныя сродкі прававой абароны, у тым ліку адэкватную кампэнсацыю, – гаворыцца ў рашэньні КПЧ па справе Тараса Сургана. – Дзяржава-ўдзельнік таксама абавязаная зрабіць захады дзеля прадухіленьня аналягічных парушэньняў у будучыні. У сувязі з гэтым камітэт нагадвае, што дзяржава-ўдзельнік павінна перагледзець сваё заканадаўства, у прыватнасьці Закон аб масавых мерапрыемствах ад 30 сьнежня 1997 году, які прымяняўся ў гэтым выпадку, у мэтах забесьпячэньня выкананьня правоў чалавека, каб правам, прадугледжаным артыкулам 19 Пакту, можна было карыстацца ў дзяржаве-ўдзельніку ў поўнай меры».
Кастусь Дзьвінскі