Напрыканцы году філіял Глыбоцкага МКК «Браслаўрыба» зноў трапіў у складаную сытуацыю. Адладжаны мэханізм вытворчасьці і збыту прадукцыі даў збой.
З Дэпартамэнту вэтэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі прыйшло паведамленьне, што Фэдэральная служба па вэтэрынарным і фітасанітарным наглядзе Расейскай Фэдэрацыі часова прыпыняе для прадпрыемства сэртыфікацыю прадукцыі, прызначаную на экспарт у РФ. Прычына ў тым, што на «Браслаўрыбе» Расьсельгаснагляд не правёў плянавай інспэкцыі. Каб аднавіць пастаўкі ў Расею, прапаноўвалася зрабіць гэта да 1 лютага 2016 году.
Нельга сказаць, што для калектыву, які больш за палову сваёй прадукцыі адгружаў на экспарт, навіна была громам зь яснага неба. Кіраўніцтва і інжынэрна-тэхнічныя работнікі сочаць за тэндэнцыямі на харчовым рынку, ведаюць, што патрабаваньні да якасьці пастаянна становяцца больш жорсткімі, і чуйна рэагуюць на ўвядзеньне новых норм. Аднак, прызнаюць, ня ўсё пасьпелі зрабіць своечасова. У выніку вымушаныя былі зьменшыць аб’ёмы выпуску прадукцыі са 180 тон у месяц да 150 тон, шукаць новыя крыніцы павелічэньня яе збыту на ўнутраным рынку. А гэта пацягнула за сабой ланцужок іншых страт: павялічыўся сабекошт вырабаў, зьменшыліся прыбыткі.
Праўда, як сьцьвярджае вядучы эканаміст Жанна Навумава, прадпрыемства зможа забясьпечыць прырост вырабаў да мінулага году амаль на 19%. Маркетынгавая служба заключыла дагаворы на пастаўку прадукцыі зь Белкаапзьнешгандлем, «Эўрагандлем», з такімі буйнымі сталічнымі гандлёвымі сеткамі, як «БелВільлесдэн» і «Белінтэр-прадукт», «Рублёўскі», развозіць кансэрвы па 200 больш дробных магазынах краіны. Прычым заяўкі вялікія: «Эўрагандаль», напрыклад, замовіў тэрмінова адгрузіць амаль 150 тысяч бляшанак «Шпротаў».
Але няма ліхога бяз добрага. Часовая забарона на ўвоз прадукцыі ў Расею стымулявала калектыў на хуткае завяршэньне работ для акрэдытацыі заводзкай лабараторыі, дробных рамонтаў – гэта будзе зроблена, як сьцьвярджае начальнік вытворчай лябараторыі Тацьцяна Шапялюк, ужо ў гэтым месяцы.
Акрамя таго, спэцыялісты перакананыя, што інспэкцыю яны пройдуць лягчэй, чымся давялося аналягічным прадпрыемствам, бо большасьць хібаў, наконт якіх ім зробленыя заўвагі, на заводзе адсутнічае. Тут кожная партыя сыравіны, што паступае на перапрацоўку, правяраецца ў акрэдытаваных лябараторыях Рэспублікі Беларусь на адпаведнасьць адзіным патрабаваньням Мытнага зьвязу, на самім прадпрыемстве жорсткі ўваходны і тэхналягічны кантроль за якасьцю сыравіны і гатовай прадукцыі.
vitvesti.by