Цэхі «Нафтану» выводзяць у асобнае унітарнае прадпрыемства. У Беларускім Незалежным прафсаюзе (БНП) гэта расцэньваюць як схаванае скарачэньне.
Як паведаміла газэта «Вестник Нафтана», доля першых выведзеных у асобнае ўнітарнае прадпрыемства зусім хутка напаткае цэхі 17 і 18. Рабочыя рамонтных прафэсіяў выводзяцца са штату асноўных цэхаў і пераводзяцца на балянс новага цэху. Пакуль яны застаюцца ў структуры заводу.
На думку старшыні першаснай арганізацыі БНП работнікаў ААТ «Нафтан» Івана Сьвятохі (на фота), для рабочых зьмены нічога добрага не нясуць: «Людзі выйдуць у асобнае структурнае падразьдзяленьне і ня будуць лічыцца на заводзе. Для працоўных гэта, вядома, дрэнна. Па-першае, яны губляюць цяперашнюю зарплату. Па-другое, губляюць сацпакет. І па-трэцяе, невядома як будзе ў іх там праца, яны ж стануць асобным прадпрыемствам - нойме завод іх ці каго іншага? Можна сказаць, што гэта схаванае скарачэньне», - адзначыў прафсаюзны лідэр.
Іван Сьвятоха пакуль не гатовы ацаніць пэрспэктывы БНП на новым унітарным прадпрыемстве: «Пра пэрспэктывы нашага прафсаюзу там пакуль казаць цяжка. У цэхах у нас людзей ня шмат. Незразумела, як гэтае вылучэньне ў асобнае прадпрыемства будзе ў выніку выглядаць».
praca-by.info