Два апошнія гады дзяржава актыўна стварала ў беларускай прамысловасьці голдынгі. Гэты працэс ішоў паводле схемы: да пасьпяховага прадпрыемства прывязваліся стратныя, каб яны разам маглі ўтрымацца на плаву. Вялікія пляны ў дзяржавы былі і па стварэньні абутковага голдынгу. Кампаніі «Белвест» і «Луч» адчайна адбіваліся ад гэткай ініцыятывы дзяржавы і ўсё-такі адбіліся. А вось «Марко» мусіла падпарадкавацца.
У кастрычніку мінулага году прэзыдэнт падпісаў указ па стварэньні голдынгу «Беларуская гарбарна-абутковая кампанія "Марко"». У склад голдынгу ўвайшлі даччыная кампанія «Сан Марко» і ААТ «Чырвоны Кастрычнік». У прыдачу да іх дзяржава накінула і Віцебскі футравы камбінат.
«Чырвоны Кастрычнік» перайшоў у валоданьне Мікалая Мартынава, гендырэктара «Марко» і дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацсходу, яшчэ раней - у 2008 годзе. На Асамблеі дзелавых колаў, якая прайшла ў сераду, бізнэсмэн распавёў, што стратнае прадпрыемства за 4 гады ўдалося выцягнуць: яно стала працаваць рэнтабэльна, вытворчасьць вырасла з 16 тысяч пар за год да 1,3 мільёну.
Аднак з футравым камбінатам паўтарыць фокус не атрымліваецца. Пра жаданьне набыць прадпрыемства дзяржава, відаць, нікога асабліва не пытала. Паводле слоў Мартынава, яго продаж і далучэньне да голдынгу былі прапісаныя ва ўказе прэзыдэнта, які быў прыняты «за два дні».
Адначасова з купляй стратнага дзяржпрадпрыемства на «Марко» ляглі маштабныя забавязаньні па інвэстпраекце. Па-першае, кампанія абавязаная за тры гады завяршыць рэканструкцыю і мадэрнізацыю футравай вытворчасьці і выйсьці на зададзеныя магутнасьці. На прадпрыемствах голдынгу да 2019 году павінна вырабляцца абутку ня менш за 5 млн пар у год.
Рэнтабельнасьць продажаў пры гэтым павінна атрымацца ня менш за 12% , выручка ад рэалізацыі прадукцыі на аднаго працаўніка - 40 тысяч даляраў. Заплянавана стварыць 926 новых працоўных месцаў, напалову зьнізіць імпартны складнік пры вытворчасьці абутку і павялічыць аб'ём экспарту.
Для ажыцьцяўленьня гэтых плянаў ва ўказе прапісваліся некаторыя меры дзяржпадтрымкі. Аднак пасьля першага аналізу стану далучанага прадпрыемства экспэртам кампаніі стала зразумела, што за тры гады яго праблемы не расхлябаць. « Мы закупілі для прадпрыемства сыравіну і страцілі 9 мільярдаў рублёў», - сказаў Мікалай Мартынаў. З атрыманьнем дзяржпадтрымкі таксама зьявіліся праблемы. «Здавалася б, у заканадаўстве ўсё прадугледжана для дзяржаўна-прыватнага партнэрства, а насамрэч нічога не выконваецца», - паскардзіўся бізнэсмэн.
Ён зьвярнуў увагу на яшчэ адну праблему супрацоўніцтва зь дзяржавай: яно забірае вялікую частку прыбытку ў выглядзе фундатарскай дапамогі: «Сёньня дзікае жаданьне атрыманьня фундатарскай дапамогі - гэта мяжа ўсяму, - паскардзіўся ўладальнік «Марко». - У нас за 13-ы год папрасілі перавесьці ў фонд фундатарскай дапамогі больш, чымся мы зарабілі прыбытку. Я тлумачу - гэта немагчыма. Але хочуць менавіта так».
«Ты, здавалася б, падаткі плаціш, розныя забавязаньні выконваеш, але фундатарскую дапамогу ня даў - і становісься дрэнным, а адсюль розныя наступствы...», - падзяліўся сваімі бедамі адзін з найпасьпяховейшых беларускіх бізнэсмэнаў. Паводле ягоных слоў, калісьці ўказ пра фундатарскую дапамогу «ў нейкай ступені астудзіў запал чыноўнікаў». Але цяпер яго трэба абнавіць, перакананы Мікалай Мартынаў.
Ежедневник
Фота: Народныя навіны Віцебска