Прадпрымальнікі, якія працуюць на рынках у Воршы, абураюцца высокай арэнднай платай і падаткамі. Кожны месяц ім трэба заплаціць ня менш за 10 мільёнаў рублёў. Пра гэта паведаміў адзін з чытачоў сайту "Хартыя '97".
"Хачу распавесьці пра тое, як у Воршы з усіх бакоў душаць прадпрымальнікаў. Мой знаёмы гандлюе на рынку ўжо шмат гадоў , і я быў шакаваны тым , якія ў іх арэнды на памяшканьня і якія яны плацяць падаткі. У горадзе ёсьць два гандлёвыя цэнтры, арэнда памяшканьняў ад 28 да 35 эўра за квадратны мэтар. Такая арэнда, напэўна, толькі ў самых крутых гандлёвых цэнтрах Менску. У месяц у яго выходзіць каля 7 мільёнаў за арэнду плюс падатак на зямлю каля 2,2 мільёнаў, падатак дзяржаве, «сацыялка» і дробныя выдаткі накшталт абслугоўваньня касавага апарату", - паведаміў ён.
«Як пражыць? Гэта колькі трэба прадаць, каб заплаціць за ўсё гэта і каб яшчэ ты мог нешта зарабіць, а ня толькі працаваць на арэнду з падаткам? Чаму прыватнікам, якія пабудавалі гэтыя гандлёвыя цэнтры, улады дазваляюць драць зь людзей гэткія грошы за арэнды і чаму няма нейкіх стандартаў па аплаце за арэнду ў прыватных гандлёвых цэнтрах? Прадпрымальнікі ўсё маўчаць, бо баяцца, што іх папросту выганяць стуль, і людзям, што прапрацавалі паўжыцьця на рынку, будзе няма куды пайсьці працаваць. У горадзе зарплата ў сярэднім 2,5 мільёна, а прадпрыемствы стаяць», - сказаў на заканчэньне ён.
...Напярэдадні мэдыі паведамілі пра тое, што дэпутат Палаты прадстаўнікоў Віктар Валюшыцкі выступіў з ініцыятывай увядзеньня новага падатку для прадпрымальнікаў...
Хартыя '97