Разьліковыя рахункі вядучага беларускага вытворцы абутку, віцебскага “Белвесту”, заблякаваныя. Гэтую інфармацыю пацьвердзілі некалькі крыніц. Супрацоўнікі прадпрыемства непакоюцца, што застануцца без зарплаты напярэдадні навагодніх сьвятаў, абвінавачваючы ў тым, што адбылося, прадстаўнікоў мясцовых дзяржворганаў.
У паведамленьні прадстаўнікоў “Белвесту” сказана, што “Камітэт дзяржкантролю па Віцебскай вобласьці, правёўшы праверку прадпрыемства, выявіў толькі станоўчыя і прыбытковыя вынікі працы. Пасьля чаго дзяржворганы прынялі рашэньне, што зь імі трэба дзяліцца». Таму 10 сьнежня напярэдадні выплаты зарплаты працоўным “службовымі асобамі Віцебскай падатковай інспэкцыі былі арыштаваныя рахункі ‘Белвесту’”.
У распараджэньнях падатковай адзначана, што “ў сувязі зь невыкананьнем або неналежным выкананьнем у вызначаны тэрмін падатковага абавязальніцтва, няплатай пеняў спагнаць падаткі, зборы, пошліны і пені за кошт грашовых сродкаў, якія знаходзяцца на разьліковых рахунках плацельшчыка” на суму больш за 8 млрд рублёў. На “Белвесьце” сьцьвярджаюць, што ў іх “цалкам адсутнічаюць падатковыя і іншыя абавязальніцтвы перад бюджэтам”. У той самы час банкамі прыпыненыя ўсе апэрацыі па рахунках.
На абутковым прадпрыемстве лічаць, што “сваімі дзеяньнямі Віцебская падатковая інспэкцыя парушыла грамадзкія інтарэсы, што выявілася ў немагчымасьці ажыцьцяўляць апэрацыі з разьліковых рахункаў на карысьць працуючых грамадзян, у той час як паводле калектыўнай дамовы тэрмін выплаты заработнай платы вызначаны з 14 чысла месяца”. У “Белвесту” маюцца абавязальніцтвы па сацыяльнай абароне працоўных - “уласны пункт аховы здароўя, сталоўка, якія патрабуюць штодзённых бесьперапынных выдаткаў для належнага абслугоўваньня работнікаў, выкананьня мер па ахове працы”.
“Прыпыненьне ўсіх апэрацыяў па рахунках наносіць непапраўную шкоду і ў сфэры гаспадарчай дзейнасьці - немагчыма своечасова выконваць крэдытныя абавязальніцтвы перад банкамі, абавязальніцтвы перад пастаўшчыкамі, ажыцьцяўляць закупкі сыравіны, матэрыялаў і абсталяваньня для вытворчасьці абутку. Такім чынам, да Новага году бяз сродкаў да існаваньня застануцца больш за 2 тысяч працаўнікоў; спыніцца вытворчасьць абутку”, - гаворыцца ў лісьце супрацоўнікаў “Белвесту”.
У канцэрне “Беллегпрам” адказалі, што пакуль “не валодаюць інфармацыяй наконт гэтага пытаньня”. Разам з тым там падкрэсьлілі, што “ў апошні час прадпрыемства нармальна функцыянавала, ніякіх праблем не было”.
У 200-м філіяле Беларусбанку ў Віцебску сказалі толькі, што “ў прадпрыемства [”Белвест”] картатэка”. Гэта значыць, што пакуль даўгі прадпрыемства, у цяперашнім выпадку перад падатковай, ня будуць пагашаны, іншыя плацяжы немагчымыя.
У інспэкцыі МПЗ па Віцебскай вобласьці адмовіліся ад камэнтароў.
У Камітэце дзяржкантролю па Віцебскай вобласьці сказалі, што “праверка” Белвесту “працягваецца”. На абутковым прадпрыемстве ўдакладнілі, што кантралёры цяпер знаходзяцца на даччыным прадпрыемстве - “Белвестрытэйл”.
Сумеснае прадпрыемства “Белвест” было створанае ў 1988 годзе ў Віцебску двума найстарэйшымі абутковымі прадпрыемствамі Эўропы - нямецкай фірмай “Salamander” і Віцебскай фабрыкай “Чырвоны Кастрычнік”. Пасьля таго як “Salamander” вырашыў сысьці з абутковай галіны, яго долю выкупіла расейскае прадпрыемства “Палітэкс” на чале зь Юрыем Суманеевым. “Палітэкс” да гэтага займаўся прасоўваньнем беларускага абутку на расейскім рынку. У цяперашні час дзяржпакет акцыяў у СТАА “Белвест” у памеры 55% належыць “Бельлегпраму”, астатняя доля - у расейскага інвэстара. Ільвіная доля прадукцыі “Белвесту” рэалізуецца ў РФ, дзе адкрытая вялікая сетка фірмовых крамаў.
Месяц таму Аляксандар Лукашэнка заявіў, што абутковая галіна Беларусі паразітуе на золатавалютных рэзэрвах дзяржавы. Ён таксама раскрытыкаваў прапановы ўраду па стварэньні гарбарна-абутковых холдынгаў.
TUT.by