Эканамічны суд Віцебскай вобласьці вынес рашэньне аб банкруцтве зь ліквідацыяй ААТ "Віцебскі вінаробны завод" (ААТ "ВіцВін"), паведаміў судзьдзя Анатоль Гурэеў.
Пасьля ўступленьня судовага вэрдыкту ў законную сілу антыкрызысны кіраўнік павінен прыступіць да пагашэньня заяўленых патрабаваньняў крэдытораў у аб'ёме амаль 28,6 мільярду рублёў за кошт продажу маёмасьці прадпрыемства. З агульнай сумы каля 60% прыпадае на даўгі па падатках і іншых абавязковых плацяжах у бюджэт, яшчэ 14% складае банкаўская запазычанасьць. Сярод амаль паўсотні крэдытораў - падатковая інспэкцыя, банкаўскія ўстановы і суб'екты гаспадараньня. Кошт актываў банкрута ацэньваецца амаль у 40 мільярдаў рублёў. Ліквідацыйную вытворчасьць мяркуецца завяршыць у чэрвені 2016 году.
Вытворчасьць па справе аб эканамічнай неплацежаздольнасьці (банкруцтве) заводу распачатая пры канцы лістапада 2014 году з ініцыятывы самога даўжніка. Асноўны акцыянэр "ВіцВіну" Віцебскі гарвыканкам, у кіраваньні якога знаходзяцца 68,33% акцыяў, падтрымаў такое рашэньне, прызнаўшы немэтазгодным далейшае дасудовае аздараўленьне вытворцы. Пасьля заканчэньня абароннага пэрыяду на падставе аналізу фінансава-гаспадарчай дзейнасьці прадпрыемства суд у сакавіку 2015 году прыняў рашэньне аб адкрыцьці конкурснай вытворчасьці ў дачыненьні да ААТ. З гэтага часу вытворчасьць на прадпрыемстве спыненая.
Прадпрыемства было заснаванае ў пачатку 1930-х гадоў, у студзені 2002 году на базе яго маёмаснага комплексу створанае ААТ "ВіцВін". Спэцыялізуецца на вытворчасьці сідру і іншых пладовых вінаў, а таксама выпуску гарбаты і кавы. Цяпер на заводзе працуюць 74 чалавекі, зь якіх 6 спэцыялістаў знаходзяцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці.
belta.by