Замарожаныя дзяржаўныя сродкі, неўстаноўленае абсталяваньне і неакупныя праекты на агульную суму каля Br100 млрд выяўленыя падчас сумеснай праверкі пракуратуры і КДК Віцебскай вобласьці. Такія дадзеныя былі агучаныя падчас сумеснага паседжаньня калегіі двух ведамстваў па пытаньні эфэктыўнасьці плянаў мадэрнізацыі і выкарыстаньня абсталяваньня.
Згодна з даручэньнем кіраўніка дзяржавы, дадзеным на нарадзе аб выніках працы рэальнага сэктару эканомікі ў 2014 годзе, КДК сумесна з пракуратурай правялі праверку вынікаў мадэрнізацыі ў арганізацыях прамысловасьці і будаўніцтва. "Кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы паказалі, што на асобных прадпрыемствах мадэрнізацыя праводзілася, а выніку няма і не пралічваецца ў найбліжэйшай пэрспэктыве. Набытае абсталяваньне застаецца доўгі час неўстаноўленым, павярхоўна прапрацаваныя бізнэс-пляны правальваюцца. Растуць інвэстыцыйныя затраты, а чаканы эканамічны эфэкт не дасягаецца. Замарожаныя дзяржаўныя сродкі, не ўсталяванае ў тэрмін абсталяваньне і затрымкі ў рэалізацыі інвэстыцыйных праектаў на агульную суму каля Br100 млрд выяўленыя на прадпрыемствах рознай ведамаснай падпарадкаванасьці", – канстатавала намесьніца старшыні КДК Віцебскай вобласьці Юлія Аўхукова.
Найважнейшыя парамэтры канкурэнтаздольнасьці выпускаемай прадукцыі не дасягаюцца, што спрыяе росту цэн, стратам рынкаў збыту. Напрыклад, экспарт будаўнічых паслуг па вобласьці ў 2014 годзе склаў толькі 23,8% ад заданьня, а экспарт будаўнічых матэрыялаў зьнізіўся на 28,5% у параўнаньні з 2013 годам. І гэта пры тым, што праводзілася мадэрнізацыя двух найбуйнейшых будаўнічых прадпрыемстваў – Віцебскага ДСК і будтрэсту №16 Наваполацку. Ніводзін з праектаў не завершаны. На БМТ №16 на працягу трох гадоў не выкарыстоўваецца абсталяваньне, закупленае пры рэалізацыі інвэстыцыйнага праекту. Не запушчаная лінія аўтаматычнай падачы бэтону, у выніку аўтаматыка коштам Br5 млрд прастойвае, а прадпрыемства нясе дадатковыя выдаткі на падвоз бэтону транспартам. І гэткіх прыкладаў з будаўнічай сфэры на паседжаньні прагучала каля дзясятку. "Названыя факты сьведчаць пра недастатковую працу Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, аблвыканкаму па кантролі над своечасовым ажыцьцяўленьнем мерапрыемстваў па мадэрнізацыі і рацыянальным выкарыстаньні сродкаў на падведамных прадпрыемствах", – падкрэсьліла Юлія Аўхукова.
Павышэньня кантролю патрабуе і праца прадпрыемстваў прамысловасьці. За нерацыянальнае выкарыстаньне сродкаў інавацыйнага фонду, зрыў тэрмінаў мадэрнізацыі і рэалізацыі найважнейшых інвэстыцыйных праектаў крытыцы падвергліся ААТ "Віцязь", ААТ "Завод прыбораў аўтаматычнага кантролю", КУП "Зара", ААТ "Полацак-гандаль", ААТ "БелВітуніфарм". Таксама выяўленыя факты неэфэктыўнага выкарыстаньня ўстановамі аховы здароўя сродкаў на набыцьцё абсталяваньня. Адным з самых балючых пытаньняў застаецца сытуацыя з мадэрнізацыяй ў сыстэме АПК. Будаўніцтва малочна-таварных фэрм у асобных раёнах вядзецца вельмі маруднымі тэмпамі, маюцца факты пастаўкі няякаснага абсталяваньня. Але замест выстаўленьня прэтэнзіяў сельгасарганізацыі ўкладваюць сродкі ў куплю новага.
Кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацыяў прымаюць недастатковыя меры па захаванасьці абсталяваньня, дапускаюць факты безгаспадарчасьці, адзначыла начальніца аддзелу па наглядзе за выкананьнем заканадаўства і законнасьцю прававых актаў пракуратуры Віцебскай вобласьці Ірына Януковіч. Пракуроры на пастаяннай аснове праводзяць праверкі і маніторынг сытуацыі і фіксуюць як першасныя, так і паўторныя выпадкі парушэньняў. Падчас такіх кантрольных мерапрыемстваў было ўнесена дзесяць прадстаўленьняў і пяць прадпісаньняў. "Часта толькі пасьля ўмяшаньня пракурора кіраўніцтва прадпрыемства робіць захады па забесьпячэньні належнага захоўваньня закупленага абсталяваньня", – дадала Ірына Януковіч.
У паседжаньні ўзялі ўдзел першы намесьнік старшыні аблвыканкаму Генадзь Грабнёў, прадстаўнікі Міністэрства прамысловасьці і Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, старшыні шэрагу райвыканкамаў і кіраўнікі прадпрыемстваў. Па яго выніках прынятыя абавязковыя для выкананьня рашэньні наконт вырашэньня адзначаных праблем.
belta.by