ААТ "БелВітуніфарм" сарвала плян рэалізацыі інвэстыцыйнага праекту коштам больш за Br19 млрд. Пра гэта на сумесным паседжаньні калегіі Камітэту дзяржаўнага кантролю і пракуратуры Віцебскай вобласьці па пытаньні эфэктыўнасьці плянаў мадэрнізацыі і выкарыстаньня абсталяваньня паведаміла намесьніца старшыні абласнога КДК Юлія Аўхукова.
"БелВітуніфарм" не рэалізаваў праект вытворчасьці фармпрэпаратаў, які ўключаны ў пералік найважнейшых інвэстыцыйных праектаў. У яго ўкладзена больш як Br19 млрд: адрамантаваны вытворчы корпус, вялікая частка плошчаў якога цяпер пустуе, у 2010 годзе закупленая упаковачнай лінія коштам Br2,5 млрд. За гэты час яна выкарыстаная ўсяго на 2% да ўмоўнай вытворчай магутнасьці. Нарматыўны тэрмін службы лініі (7 гадоў) мінае праз два гады.
Закладзеныя ў бізнэс-пляне праекту прагнозы па аб'ёмах выпуску і збыту прадукцыі не апраўдаліся. Запазычанасьць перад Ярданскай фармацэўтычнай кампаніяй (адзін з заснавальнікаў ААТ) – Br7 млрд. З плянаваных да вытворчасьці 50 найменьняў лекавых сродкаў асвоена толькі 4. Апроч таго, спакаваныя прэпараты прададзеныя не былі, у выніку тэрмін прыдатнасьці больш за 40 тыс. упаковак скончыўся ў 2014 годзе.
Таксама ў 2010 годзе за кошт крэдыту было закупленае лябараторнае абсталяваньне коштам Br168 млн, якое з моманту набыцьця не выкарыстоўваецца. У выніку плян па ўключэньні долі дзяржуласнасьці ў гаспадарчы абарот дагэтуль ня ясны, дадала Юлія Аўхукова.
Прадпрыемства па распрацоўцы і вытворчасьці вэтэрынарных прэпаратаў заснаванае ў 1930 годзе як Віцебская біяфабрыка. З 2006 па 2010 год была праведзеная рэканструкцыя вытворчага комплексу, у выніку чаго фабрыка прэтэндавала на званьне адзінага прадпрыемства біялягічнай прамысловасьці ў Беларусі, якое спэцыялізуецца на выпуску складаных лячэбна-прафіляктычных і дыягнастычных прэпаратаў для патрэб вэтэрынарыі. У 2012 годзе Віцебская біяфабрыка была рэарганізаваная ў ААТ "БелВітуніфарм".
БелТА