Дзяржаўная фабрыка тканін, некалі перадавік савецкай вытворчасьці, бясслаўна дажывае свой век. Абвешчаная працэдура банкруцтва, выкліканы антыкрызісны кіраўнік – усё як мае быць у гэткай сытуацыі. Вось толькі што рабіць рабочым, якія ня бачылі разьліковых са сьнежня?
Аб тым, якое некалькі месяцаў жыць без заробку, сайту onliner.by распавёў фарбавальшчык Андрэй. У доказ сваіх слоў ён выслаў у рэдакцыю выпіску са свайго карт-рахунку.
– На Віцебскім камбінаце ядвабных тканін я працую больш за тры гады. Калі прыйшоў сюды з «Віцебскіх дываноў» ў 2012 годзе, атрымліваў 5,5 мільёну рублёў. Гэта былі добрыя грошы. Але ў 2013 годзе ў прадпрыемства зьявіліся сур'ёзныя фінансавыя праблемы. Усё пачалося з таго, што бяз нашага ведама нас захацелі далучыць да магілёўскага «Магатэкс». Мы былі супраць, бо ў нас была свая вытворчасьць, мы спраўляліся з аб'ёмамі. Ну што, думаеце, паслухалі нас? Зьнялі тагачаснага дырэктара, таму што ён быў супраць, і ўсё адно распачалі гвалтоўна далучаць нас. Людзі супраціўляліся. Кіраўніцтва канцэрну прызначыла аднаго кіраўніка, другога, трэцяга... У выніку камбінат – банкрут, грошай няма. Кажуць: выходзьце, працуйце. А навошта выходзіць? Са сьнежня нам зарплату ня плацяць. Перавялі на частковы рэжым працы: у студзені мы адпрацавалі толькі 2/3 зьмен, у лютым – тры тыдні з чатырох. Але нават і за гэтыя адпрацаваныя суткі мы не атрымлівалі ні разьліковыя аркушы, ні грошы. За сьнежань мне павінны былі заплаціць 3,5 мільёну (з улікам таго, што адпраўлялі ў адпачынак на два тыдні). Але выплацілі толькі 1,8 мільёну. На цяперашні момант прадпрыемства вінна мне каля шасьці мільёнаў рублёў, – з прыкрасьцю канстатуе Андрэй.
– А чаму вы ня звольніліся адразу, як толькі вам перасталі плаціць зарплату?
– Я баюся, што мяне на грошы «кінуць». Шмат людзей з нашай, фарбавальна-аздобнай вытворчасьці кажуць: «Мы баімся, што калі звольняць, усе свае заробленыя грошы страцім. Нам не заплацяць наогул нічога». Я сёньня напісаў заяву, сказаў: ня заплаціце грошы на працягу тыдня – буду з вамі судзіцца. Ужо жонка кажа: «Мне больш выгадна, калі ты будзеш дома сядзець, чым на працу езьдзіць. Хоць на праезьдзе зэканомім». Гэта жартам, вядома. Але вы самі разумееце: у кожным жарце...
Праблема ў тым, што ў Віцебску складана з працай, няма вакансіяў. А калі і ёсьць нешта цікавае – ахвотных зашмат... Я сёньня зайшоў у бухгальтэрыю, там восем чалавек сядзяць. У каторы раз запатрабаваў выплаціць мне грошы. А мне адказваюць: рахункі камбінату замарожаныя, лічыць няма чаго.
Па камэнтар Onliner.by зьвярнуўся да дырэктара Віцебскага камбінату ядвабных тканін Сяргея Лосеву. Новы кіраўнік, які спрабуе вывесьці прадпрыемства з крызысу на працягу апошняга году, не стаў адмаўляць існуючых праблем. Але і канкрэтных тэрмінаў, калі прадпрыемства расплаціцца з супрацоўнікамі, назваць ня змог.
«Сапраўды, праблемы з выплатай заработнай платы ёсьць. Мы знаходзімся ў працэдуры эканамічнай неплацежаздольнасьці, прызначаны часовы антыкрызысны кіраўнік, выраўноўваем сытуацыю. Але нашы сёньняшнія фінансавыя праблемы – гэта ня вынік дэвальвацыйных працэсаў. Крызыс на камбінаце пачаўся некалькі гадоў таму, гэта гісторыя трох-пяцігадовай даўнасьці. Я ж працую тут толькі адзін год. Усё праглядаецца на ўзроўні аздараўленьня і санацыі. Папросту старыя даўгі не даюць жыцьця. Іх зашмат», – канстатаваў Сяргей Лосеў.
onliner.by