17 лютага эканамічным судом Віцебскай вобласьці ў сувязі з заявай аб банкруцтве на Віцебскае ААТ «КІМ» прызначаны часовы кіраўнік. Да прадпрыемства ўжыты ахоўны пэрыяд.
На трохмесячны тэрмін ахоўнага пэрыяду часовым кіраўніком ААТ «КІМ» прызначаны Павал Заяц, які ўжо выконваў абавязкі антыкрызыснага кіраўніка на шэрагу прадпрыемстваў Гарадзенскай вобласьці, што банкрутавалі.
Ахоўны пэрыяд прадугледжваецца поўнай (у адрозьненьне ад скарочанай) працэдурай банкруцтва. Ён усталёўваецца судом для праверкі наяўнасьці падстаў для ўзбуджэньня конкурснай вытворчасьці і забесьпячэньня захаванасьці маёмасьці даўжніка. Пачынаецца ахоўны пэрыяд з моманту прыняцьця заявы пра банкруцтва на тэрмін, вызначаны судом, і ня можа перавышаць трох месяцаў. У гэты пэрыяд маёмасьць даўжнiка атрымлівае абарону ад спагнаньняў для задавальненьня патрабаваньняў крэдытораў.
Як распавёў спадар Заяц, у абавязкі прызначанага судом часовага кіраўніка ўваходзіць прыняцьце мер па захаванасьці маёмасьці даўжніка, аналіз гаспадарчай дзейнасьці даўжніка і праверка падставы для ўзбуджэньня конкурснага вядзеньня.
У межах ахоўнага пэрыяду кіраўнік прадпрыемства не адхіляецца ад пасады, аднак ягоныя паўнамоцтвы абмежаваныя. Усе ўгоды, якія праводзяцца кіраўніком даўжнiка ў ахоўным пэрыядзе, павінны быць узгодненыя з часовым кіраўніком.
Згодна зь беларускім заканадаўствам ўзнагарода кіраўніка ў рамках ахоўнага пэрыяду вызначаная заканадаўствам і складае 1 базавую велічыню за кожны каляндарны дзень, г.зн. за тры месяцы ён павінен атрымаць прыкладна 13 500 000 рублёў.
У 2013 годзе ААТ «КІМ» падчас візыту ў Віцебск наведаў тагачасны прэм'ер-міністр Міхаіл Мясьніковіч. На просьбу кіраўніцтва прадпрыемства чарговай дзяржаўнай падтрымкі - дачы новых крэдытаў на тэхнічнае пераабсталяваньне і рэструктурызацыю запазычанасьці па плацяжох - прэм'ер-міністр заўважыў, што прадпрыемству ўжо тры разы аказвалі дапамогу, аднак эфэкту гэтыя захады не прынесьлі. «Прадпрыемства, як і жывы арганізм, ня можа існаваць вечна. Яго трэба або абнавіць, або ліквідаваць», - заявіў Міхаіл Мясьніковіч падчас абмеркаваньня розных варыянтаў, якія тычацца далейшага лёсу ААТ «КІМ».
На ААТ «КІМ» паводле стану на 2013 год працавала 904 чалавекі, пры гэтым 9% ад усіх супрацоўнікаў складаў апарат кіраваньня. Зарплата кіраўніка прадпрыемства паводле дадзеных КДК у гэты час складала ад 12 да 18,5 мільёнаў рублёў, пры сярэдняй па прадпрыемстве ў 2,99 мільёну рублёў. Крэдыторская запазычанасьць ў 2013 годзе перавысіла дэбіторскую ў 13 разоў. На прадпрыемстве пастаянна затрымлівалі выплаты заробкаў, з-за чаго неаднаразова праходзілі кароткатэрміновыя страйкі.
news.vitebsk.cc