ААТ «Нафтан» пазбаўляецца ад сацыяльных аб'ектаў, якія засталіся ва ўласнасьці прадпрыемства. Гораду ўжо перададзеныя два апошнія дзіцячыя садкі, на чарзе «Ленінец», дзевяць інтэрнатаў, паліміраўская паліклініка і многае іншае.
«Аб'екты сацсфэры, якія знаходзяцца на балянсе ААТ "Нафтан", трэба дыфэрэнцаваць: уласнасьць, якая належыць дзяржаве і перададзеная нашаму прадпрыемству ў доўгатэрміновую арэнду, і ўласнасьць, якая належыць непасрэдна нам, - адзначыў генэральны дырэктар прадпрыемства Ўладзімер Трацьцякоў. - Зь першай групы аб'ектаў пры канцы 2014 году гораду былі перададзеныя два апошнія дзіцячыя садкі. Таксама прынятае рашэньне пра перадачу ў камунальную ўласнасьць аздараўленчага лягеру "Ленінец". Сюды ж уваходзяць, але пакуль застаюцца ў нас, дзевяць інтэрнатаў, паліміраўская паліклініка, аўтадарога "А".
Астатнія аб'екты належаць ААТ "Нафтан". І сёньня ідуць перамовы пра перадачу ва ўласнасьць Полацкаму дзяржунівэрсытэту двух адміністрацыйна-бытавых карпусоў у пасёлку Міжрэчча. Праектная служба, што працуе там, будзе пераведзеная на завод - цяпер шукаем, дзе разьмясьціць гэтае падразьдзяленьне. У сувязі зь перадачай будынку мяркуецца з 1 красавіка зачыніць бар, які знаходзіцца ў ім, паколькі новы ўласьнік адмаўляецца яго абслугоўваць.
Таксама з 1 чэрвеня будзе зачыненая крама "Палімір", паколькі яна прыносіць нам страты, а дзейнасьць па такой рэалізацыі прадукцыі неўласьцівая для нашага прадпрыемства.
З 1 лютага перастане працаваць цяплічная гаспадарка ў пасёлку Міжрэчча. Гэты аб'ект мяркуецца аддаць у арэнду або выставіць на продаж».
ximik.info