На наваполацкім нафтаперапрацоўчым заводзе "Нафтан" не плянуюць павышаць заробкі пэрсаналу як мінімум у найбліжэйшыя паўгоду. Пра гэта паведаміў гендырэктар прадпрыемства Ўладзімер Трацьцякоў, адказваючы на пытаньні работнікаў заводу.
Супрацоўнікі НПЗ канстатавалі, што пры павелічэньні тарыфнай стаўкі 1-га разраду іх даходы павялічыліся прыкладна на 10%, а ў даляравым эквіваленце за апошнія пару месяцаў яны паменшыліся прыблізна на 30%. Адказваючы на пытаньне, на працягу якога пэрыяду даходы могуць хаця б вярнуцца на ранейшы ўзровень у даляравым эквіваленце, Трацьцякоў паскардзіўся на некарэктнасьць такой прывязкі. "Мы з вамі жывём і працуем у Рэспубліцы Беларусь, дзе дакладна вызначаныя крытэры памеру нашай заработнай платы. Ніколі яна ня будзе разьлічвацца ў даляравым эквіваленце. І даляр афіцыйна не дазволены як плацельны сродак для фізычных асоб", - сказаў ён.
Разам з тым, Уладзімер Трацьцякоў адзначыў, што "ў беларускіх рублях за мінулы час наша зарплата значна вырасла". Але "прывязваць яе да даляравага эквіваленту ніхто не плянуе ні на ўзроўню дзяржавы, ні на ўзроўню прадпрыемства". "Сёньня важна захаваць хаця б тыя пазыцыі, якія існуюць. Калі хтосьці разьлічвае на большае, то хачу адразу сказаць: у найбліжэйшай, як мінімум паўгадавой, пэрспэктыве такіх магчымасьцяў не праглядаецца. А што будзе далей - цяжка прагназаваць", - рэзюмаваў ён.
Паводле зьвестак Белстату за сьнежань, сярэдні заробак у нафтанцы быў 12,8 мільёну рублёў.
На "Нафтан-Паліміры" працуюць каля 12 тысяч чалавек.
У сувязі з падатковым манэўрам у Расеі кошт нафты для беларускіх НПЗ вырас. Паводле ацэнак экспэртаў, на 100 даляраў за тону. Урад, каб неяк кампэнсаваць гэтыя выдаткі, ужо зьнізіў кошт ставак акцызаў на 20-22%. Апроч таго, у сярэдзіне студзеня былі падвышаны ў сярэднім на 5% раздробныя кошты на бэнзін і дызпаліва. Плюс да ўсяго, "Нафтан", да якога далучаны і завод "Палімір", сур'ёзна субсідуе ўвесь нафтахімічны комплекс Беларусі. "У асобныя месяцы аб'ёмы падтрымкі дасягалі 12 мільёнаў эўра", - распавяла аглядальнік газэты "Беларусы і рынак" Тацьцяна Манёнак. Экспэрты таксама зьвяртаюць увагу на неабходнасьць фарсаваць мадэрнізацыю беларускіх НПЗ, якія і так істотна закрэдытаваныя.
news.tut.by