Налічаная сярэдняя заработная плата работнікаў Віцебскай вобласьці ў першым месяцы бягучага году склала 4 748 912 і за месяц зьнізілася на 419 549 рублёў. Зьніжэньне зарплаты назіраецца і па краіне ў цэлым.
Долевае будаўніцтва пастаянна падносіць сюрпрызы. Падаўжэньне тэрмінаў будаўніцтва, неабгрунтаванае павелічэньне кошту, праблемы пры здачы жытла - як ні дзіўна, але гэта становіцца нормай, а ў выніку пакутуюць людзі, якія адважыліся пабудаваць сабе кватэру.
Здаецца, апошнім часам у Віцебску стала традыцыяй здаваць новабудоўлі з зацягнутымі тэрмінамі і незадаволенымі навасёламі. Вось і дольшчыкі дому № 16 па вуліцы Чкалава дачакаліся завяршэньня будаўніцтва свайго жытла, але былі непрыемна зьдзіўленыя цаной квадратнага мэтру, якая вырасла на 20%.
У 2013 годзе Віцебск стаў лідэрам сярод рэгіёнаў па тэмпах росту цэнаў на нерухомасьць, паведамляе Інтэрфакс. Цягам году кошт квадратнага мэтру жытла ў горадзе над Дзьвіной узрос на 30,8% - з 800 да 1066 даляраў. Такім чынам, па цэнах на жытло Віцебск апярэдзіў астатнія абласныя цэнтры і цяпер саступае толькі Менску.
Гэта выявіў маніторынг, праведзены Камітэтам дзяржкантролю Віцебскай вобласьці. Усяго ў рэгіёне больш за сотню інвэстпраектаў. Іх пасьпяховае ўвасабленьне ў жыцьцё - гэта новыя вытворчасьці, працоўныя месцы, павелічэньне падатковых паступленьняў у бюджэт. Але 32 зь іх ня ўкладваюцца ў намечаныя тэрміны, а 14 і зусім не прасунуліся далей за падпісаньне дамоваў пра намеры.
У Віцебскай вобласьці сёлета плянуецца закрыць 15 школ. Яшчэ 30 устаноў адукацыі будуць рэструктурызаваныя. Таксама будзе зачынены дзіцячы сацыяльны прытулак у Сеньненскім раёне.
За парушэньне тэрмінаў мадэрнізацыі ААТ «Віцебскдрэў» распачатая крымінальная справа, паведаміў генэральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк. Расьсьледаваньне гэтай справы ўжо распачатае, ідзе пракурорская праверка. Яна выявіць вінаватых у няўдалым абнаўленьні вытворчасьці, вызначыць суму нанесенай шкоды. Пракуратура вызначыць таксама, чаму мадэрнізаваны завод не запрацаваў ва ўстаноўленыя тэрміны.
Доля акцыяў ААТ “Віцебскі садавінагародніны камбінат” перададзеная з абласной у рэспубліканскую ўласнасьць. Такое рашэньне прынятае пастановай Савету міністраў № 73 ад 27 студзеня 2014 году, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Вядомая ў вузкім коле фірма «ТопЭўраБуд» атрымлівала ўсе заказы райвыканкаму на будаўнічыя працы. Праваахоўныя органы ў Воршы схапіліся за галаву, ледзь толькі першыя вынікі праверкі яе дзейнасьці выплылі на паверхню.
Пракуратурай Віцебскай вобласьці выяўленыя парушэньні пры рэалізацыі праектаў па будаўніцтве, рэканструкцыі, мадэрнізацыі і тэхнічным перааснашчэньні арганізацыяў аграпрамысловага комплексу. Як паведамляе Генэральная пракуратура, вынікі праведзеных органамі пракуратуры Віцебскай вобласьці праверак сьведчаць пра тое, што меры мясцовых органаў улады і сельгаспрадпрыемстваў не прывялі да выкананьня ў поўным аб'ёме мерапрыемстваў Рэспубліканскай праграмы разьвіцьця малочнай галіны ў 2010—2015 гадох і іншых дзяржпраграм па выніках 2013 году.