Сьледчым камітэтам працягваецца расьсьледаваньне крымінальнай справы ў дачыненьні да службовых асоб адкрытага акцыянэрнага таварыства «Нафтан». Пра гэта паведамілі ў Сьледчым камітэце. У цяперашні час пад вартай знаходзяцца 6 чалавек - 3 службовыя асобы прадпрыемства, уключаючы намесьніка генэральнага дырэктара ААТ «Нафтан», і тры прадстаўнікі суб'ектаў гаспадараньня прыватнай формы ўласнасьці.
«Выяўлена, што службовыя асобы прадпрыемства, дзейнічаючы групай асоб па папярэдняй змове з прадстаўнікамі камэрцыйных структур, наўмысна, насуперак інтарэсам службы зьдзейсьнілі дзеяньні з выкарыстаньнем сваіх службовых паўнамоцтваў, якія пацягнулі прычыненьне істотнай шкоды дзяржаўным інтарэсам і цяжкія наступствы ў выглядзе шкоды прадпрыемству ў асабліва буйным памеры. Гэта зьвязана з працэдурамі закупак і выкананьня кантрактаў прадпрыемства.
Нанесеная прадпрыемству шкода ў цяперашні час складае каля чатырох мільярдаў рублёў. Усім падазраваным прад'яўленыя абвінавачваньні. Частка зь іх ужо пачалі даваць паказаньні наконт сваёй супрацьпраўнай дзейнасьці і выказалі гатоўнасьць кампэнсаваць прычыненую шкоду», - заявілі там.
Дзеяньні службовых асоб кваліфікаваныя сьледзтвам паводле ч. 3 арт. 424 (злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, дзеяньні прадстаўнікоў камэрцыйных структур - паводле ч. 6 арт. 16 г. 3 арт. 424 (дапамаганьне ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. На маёмасьць абвінавачаных сьледчымі накладзены арышт. Падчас ператрусаў канфіскавана больш за паўмільёна даляраў ЗША, арыштаваныя сем дарагіх аўтамабіляў бізнэс-кляса, а таксама ювэлірныя вырабы.
Хартыя '97