Па выніках работы аграрнай галіны ў 2013 годзе Віцебская вобласьць - адзіная ў краіне - атрымала страту ад рэалізацыі прадукцыі ў памеры Вr45,8 млрд. Пра гэта паведаміў на нарадзе ў Талачынскім райвыканкаме па праблемных пытаньнях у АПК Віцебскай вобласьці прэм'ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч.
Па сыстэме Мінсельгасхарча 208 арганізацыяў рэгіёну, або каля 86%, спрацавалі з рэнтабельнасьцю продажаў менш за 5%, у тым ліку 103 арганізацыі атрымалі страты ад рэалізацыі прадукцыі. Паводле канчатковага фінансавага выніку з улікам дзяржпадтрымкі стратная 41 арганізацыя, або 17 % сельгасарганізацыяў Віцебскай вобласьці. Сума атрыманай страты Вr342 млрд. "І замест таго, каб гэтыя сродкі ўкласьці ў сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё рэгіёну, бюджэту давялося расплачвацца за чыюсьці безгаспадарчасьць і хібы ў працы", - заўважыў прэм'ер-міністар.
У першым квартале бягучага году фінансавая сытуацыя ў рэгіёне ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году пагоршылася. Перш за ўсё гэта тычыцца прыросту фінансавых забавязаньняў да 1 студзеня 2013 году на 43% пры 39% па краіне. З рэнтабельнасьцю менш за 5% спрацавалі 208 арганізацыяў (86%), у тым ліку страты ад рэалізацыі атрымала 91 арганізацыя, або 38%.
Кіраўнік ураду зьвярнуў увагу кіраўніцтва вобласьці на працу кадраў у арганізацыях, якія маюць роўныя прыродна-кліматычныя і эканамічныя ўмовы гаспадараньня, але пры гэтым паказваюць зусім розныя паказчыкі эканамічнай эфэктыўнасьці. "Гэта не зусім правільная палітыка, калі за кошт добра працуючых арганізацыяў ідзе пераразьмеркаваньне прыбыткаў, што спараджае ўтрыманства ў гаспадарак, якія дрэнна працуюць. Ад такой нэгатыўнай практыкі неабходна пазбаўляцца", - падкрэсьліў ён.
Прэм'ер-міністар адзначыў сур'ёзныя недахопы і хібы аграрыяў па выкарыстаньні рэзэрваў ў вытворчасьці сельгаспрадукцыі, узнаўленьні і племянной працы ў жывёлагадоўлі, нарыхтоўцы кармоў. Паводле яго слоў, калі ў вобласьці ня будзе якасных кармоў, ня будзе і малака , а значыць і грошай. Малако - адзін з самых ліквідных прадуктаў беларускіх аграрыяў. "Пэўныя цяжкасьці зьвязаныя зь недаборам ў мінулым годзе ў рэгіёне збожжавых, таму сёлета трэба папярэдзіць сытуацыю, значна павялічыць ураджайнасьць", - запатрабаваў Міхаіл Мясьніковіч.
Асаблівая ўвага была нададзеная пытаньню барацьбы з прыпіскамі. "Для нас галоўнае, пра гэта кажа і кіраўнік дзяржавы, не пагоня за высокімі "папяровымі" паказчыкамі, а каб у прадпрыемстваў былі сродкі на рахунках для ўласнага разьвіцьця і выплаты годнай заработнай платы" - падкрэсьліў прэм'ер.
БелТА