Віцебшчына адной зь першых уключылася ў разьвіцьцё сельскага турызму і на працягу некалькіх гадоў цешыла прыростам колькасьці сядзіб, разнастайнасьцю прапанаваных паслуг. Колькасьць прапаноў адпачынку на прыродзе ў калядныя і навагоднія сьвяты цягам пэўнага часу пастаянна расла. Шмат замоваў ад індывідуальных гасьцей і цэлых кампаніяў было ў сэзоне 2012-2013 гг. Аднак цяперашні сэзон прымусіў некаторых гаспадароў «хатак у вёсцы» патурбавацца.
- Звычайна ўжо з кастрычніка пачынаюцца телефанаваньні ад патэнцыйных кліентаў, але гэтым разам іх было ў 3 разы менш, - падзяліўся трывогамі старшыня грамадзкага савету па разьвіцьці аграэкатурызму і гаспадар сядзібы «Ялінкі holiday» Віктар Ерашоў. - Выратавала тое, што хаця б на 31 сьнежня - 2 студзеня ў мяне адпачывала вялікая кампанія зь Віцебску. На 7 студзеня была толькі адна замова. У Менску 10 сьнежня была сустрэча прадстаўнікоў аграэкатурызму, на якой стала зразумела, што тое самае адбываецца па ўсёй краіне. Добра сябе адчуваюць хіба што гаспадары сядзіб у радыюсе 50-60 кілямэтраў ад Менску. Там іншы рынак, іншыя кліенты.
Загадчык сэктару турызму і фізкультурна-аздараўленчай работы ўпраўленьня спорту і турызму аблвыканкаму Сьвятлана Астаніна пацьвердзіла, што сытуацыя ў параўнаньні зь мінулым сэзонам не такая радасная. У чым прычына?
- Нават «Браслаўскія азёры» амаль напалову пустыя. Між тым, па дарогах, што вядуць на захад, можна бачыць вялікі паток машын, - працягвае разважаць Віктар Ерашоў. - Людзі едуць на адпачынак у Эўропу. Бо за тыя ж грошы там могуць прапанаваць зусім іншы калядны настрой, антураж, крамы і іншыя задавальненьні. Пры гэтым нам зьніжаць цэны цяжка: на працягу 2013 году выдаткі на ўтрыманьне сядзіб прыкметна вырасьлі: напрыклад, толькі дровы падаражэлі ў два разы.
На думку Юліі Герцавай, гаспадыні сядзібы «Петухоўшчына», сябра савету па аграэкатурызьме і старшыні Браслаўскага раённага грамадзкага аб'яднаньня трансгранічнага супрацоўніцтва «Эўрарэгіён "Азёрны край"», адбіваецца яшчэ і жорсткая канкурэнцыя ў гэтай сфэры.
- Толькі ў нашым раёне 183 сядзібы, - кажа яна. - Асабіста я і многія іншыя крыху зьнізілі цэны на свае паслугі. Але ўсё адно цяжка канкураваць, калі ў іншых абласьцёх зьявілася шмат сядзібаў, якія бліжэй да сваіх кліентаў. А яшчэ ёсьць Эгіпет, які з-за нізкіх коштаў заўсёды карыстаецца попытам. Павысілася цікавасьць да сочынскага рэгіёну напярэдадні Алімпіяды. Да таго ж турыст становіцца ўсё больш пераборлівым. Таму трэба пашыраць спектар якасных паслуг. Буйным аб'ектам, турбазам, напрыклад ,«Дрывятам», не было б лішнім уключыць паслугі па аздараўленьні. Расейскі турыст выбірае санаторыі менавіта з гэтай прычыны. І ўся інфраструктура рэгіёнаў павінна ўдасканальвацца, каб не атрымлівалася так, што за межамі сядзібы госьцю і прапанаваць-то няма чаго. У гэтым сэзоне забаваў менш: сьнегу няма, таму на санках ці лыжах не пакатацца...
Витебские вести