З 10 студзеня аднаўляецца праца рынку ў Гарадку. Гэта рашэньне было прынятае напярэдадні, пасьля сустрэчы прадпрымальнікаў з уладамі у Гарадоцкім райвыканкаме. У сустрэчы ўзялі ўдзел старшыня Віцебскага аблсавету Аляксандар Ацясаў, старшыня Гарадоцкага райвыканкаму Васіль Муранкоў і старшыня Віцебскага аблспажыўсаюзу Аляксандар Шынкарэнка.
Напачатку сустрэчы Аляксандар Ацясаў распавёў аб тых ператварэньнях, якія адбудуцца ў Гарадку падчас падрыхтоўкі да Дажынак. Найбольшую цікавасьць выклікала інфармацыя пра тое, што на рэканструкцыі могілак і плошчы ўжо асвоена 5 мільярдаў рублёў, а ўсяго патрэбна асвоіць па гэтым цэнтры 25 мільярдаў рублёў. Між тым, яшчэ ўлетку чыноўнікі з райвыканкаму казалі толькі пра 6 мільярдаў.
Асноўнае пытаньне ж сустрэчы была зьвязана з рынкам. Прадпрымальнікі аргумэнтавана прыводзілі факты неадпаведнасьці рынка па вуліцы Спартыўнай дзеючаму заканадаўству. І калі іх аргумэнты ня браліся пад увагу гарадоцкімі чыноўнікамі, то старшыня аблсавета пагадзіўся, што райспажыўсаюз павінен правесьці неабходную працу па дабраўпарадкаваньні гэтага рынку і павінен мець плян эксплікацыі для гандлёвых месцаў прадпрымальнікаў. Таксама Ацясаў пагадзіўся, што да рынку павінен будзе рухацца і гарадзкі аўтобус.
Адначасова з гэтым старшыні аспрэчалі чуткі пра тое, што месца па вуліцы Валадарскай будзе прададзенае камэрцыйнай структуры, якая і будзе будаваць гандлёвы цэнтар.
Было пастаўлена пытаньне і пра скасаваньне рашэньня Гарадоцкага райвыканкаму, згодна зь якім з 16 сьнежня рынак у цэнтры гораду павінен быў спыніць сваю працу. Аляксандар Ацясаў крыху зьдзівіўся такому рашэньню пры непадрыхтаванасьці рынку па вуліцы Спартыўнай і загадаў дазволіць працу рынку па вуліцы Валадарскай з 10 студзеня, а райспажыўсаюзу заключыць дамовы з прадпрымальнікамі да 1 лютага.
Пры гэтым было ўзьнятае пытаньне і аб пэрсанальнай адказнасьці Натальлі Палюховіч, старшыні Гарадоцкага райспажыўсаюзу, за непадрыхтаванасьць новага месца рынку. З высокай трыбуны было заяўлена, што незаменных работнікаў няма. Калі ж Васіль Муранкоў запытаўся ў прысутных, чаму яны не гатовыя працаваць на гэтым месцы, дык пачуў заяву дырэктара першага кампутарнага магазіну: “Я гатовы, бо з 8 сакавіка застаюся бяз працы. У Доме побыту маё месца займае Белвест”.
Для прадпрымальнікаў актуальным застаецца пытаньне і аб пастаянным месцы рынку ў Гарадку пасьля Дажынак. Прадпрымальнікі заявілі пра сваё жаданьне быць уласьнікамі рынку і выказалі меркаваньне пра месца на былым харчовым камбінаце. Прадстаўнікі абласных уладаў не адмовілі ім ў праве такога варыянту. Толькі было адзначана, што неабходна ў працоўным парадку разглядаць такое пытаньне.
Відавочна, што сустрэча была пазытыўнай, бо дазволіла аднавіць працу прадпрымальнікаў. Але, як выглядае, сыстэма спажыўтаварыства атрымала апошні шанец на выпраўленьне сытуацыі з рынкам на вул. Спартыўнай, каб ён адпавядаў заканадаўству.
Гарадок.інфо