За 9 месяцаў 2013 году на тэрыторыі Віцебскай вобласьці выяўлена 348 карупцыйных злачынстваў, што на 14,1% больш, чымся за аналягічны пэрыяд мінулага году. У структуры карупцыйнай злачыннасьці пераважаюць факты хабарніцтва (183 злачынствы, або 53%), крадзяжы праз злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі (97 злачынстваў, або 28%). Правёўшы каардынацыйную нараду па барацьбе са злачыннасьцю і карупцыяй, пракуратура Віцебскай вобласьці агучыла колькасьць крымінальных спраў, узбуджаных паводле «карупцыйных» артыкулаў.
На нараду сабраліся кіраўнікі абласных і раённых праваахоўных і кантралюючых органаў, органы выканаўчай улады, старшыні камісіяў гар- і райвыканкамаў па супрацьдзеяньні карупцыі, сябры грамадзкага савету пры пракуратуры Віцебскай вобласьці па кантролі за дзейнасьцю праваахоўных і іншых дзяржаўных органаў і супрацьдзеяньні карупцыі. Выступаючы перад прысутнымі, намесьнік пракурора Віцебскай вобласьці Сідаровіч адзначыў павышэньне актыўнасьці ў працы праваахоўных органаў па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі.
Вось толькі прыведзеныя лічбы можна тлумачыць дваяка. У студзені-верасьні 2013 году зарэгістравана 654 злачынствы, за аналягічны пэрыяд 2012 году - 561. З аднаго боку, праваахоўнікі актывізаваліся. А з другога - злачынцы пачалі зьдзяйсьняць больш злачынстваў.
Назіраецца рост злачынстваў супраць парадку ажыцьцяўленьня эканамічнай дзейнасьці. За 9 месяцаў 2013 году выяўлена 235 злачынстваў, за ўвесь 2012 год - 207. Сярод іх найбольшую колькасьць складаюць факты фальшываманэцтва, парушэньні правілаў аб зьдзелках з каштоўнымі мэталамі, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці, вымантачваньні крэдытаў, ухіленьня ад пагашэньня крэдыторскай запазычанасьці, выплаты падаткаў.
ej.by