Лядовы палац у Воршы сёлета нарэшце дабудавалі — з парушэньнямі ўсіх абяцаных тэрмінаў, праз 5 гадоў пасьля пачатку. Але высьвятляецца, што цяпер няма грошай, каб давесьці да ладу інтэр’еры. Аршанскія прадпрымальнікі паведамілі, што іх запрашалі ў райвыканкам і прасілі матэрыяльнай дапамогі «на патрэбы гораду», а перадусім — на добраўпарадкаваньне «Лядовай арэны».
Да некаторых зьвярталіся асабіста: у бліжэйшым гандлёвым цэнтры, які месьціцца літаральна за плотам «Лядовай арэны», у прадпрымальнікаў прасілі грошай на швабры і вёдры, каб прыбіраць палац. І тыя давалі.
«Лядовую арэну» абяцалі адкрыць яшчэ тры гады таму. Аршанцы памятаюць: калі тут закладалі падмуркі будучага палацу, то абяцалі здаць яго да навагодніх сьвятаў у 2011 годзе. Аднак пачаліся праблемы зь фінансаваньнем. Мясцовыя ўлады раз за разам дакляравалі, што лядовы палац вось-вось будзе гатовы. Толькі за апошняе лета тэрміны здачы прызначалі тройчы: аршанцы чакалі адкрыцьця і ў Дзень гораду — напрыканцы чэрвеня, і 15 ліпеня — падчас фэстывалю «Славянскі базар у Віцебску», і ў апошнія дні жніўня — да дня народзінаў Аляксандра Лукашэнкі. Потым пайшлі чуткі, што яго адчыняць да 7-га лістапада, але і гэта ня спраўдзілася.
Цяпер, паводле афіцыйнай інфармацыі, будынак прыбіраюць усярэдзіне. У палац наймаюць працаўнікоў. Пакуль не набралі прыбіральшчыц, каб рабіць у палацы парадак, час ад часу «мабілізуюць» работнікаў аршанскіх прадпрыемстваў.
Радыё Свабода