Рабочым вагоннага ўчастку БЧ у Віцебску раяць рабіць заначкі на чорны дзень. «Я працую на Віцебскім вагонным участку ўжо пяць гадоў. За гэты час шмат што здаралася, але затрымкі па выплатах заработнай платы і авансу не было. На пачатку 2013 году нам пачалі штомесяц затрымліваць выплаты авансаў на пару дзён, а бліжэй да канца году пачалі затрымліваць і саму заработную плату, прычым сыстэматычна тлумачачы затрымкі тым, што набралі шмат крэдытаў і купілі новыя вагоны», - паведаміў супрацоўнік прадпрыемства.
Ён падкрэсьліў, што яго калега трапіў пад рэпрэсіі з боку начальства пасьля таго, як напісаў скаргу на затрымку ў Менскае аддзяленьне. «Затрымкі заробкаў пасьля скаргi не спыніліся. Мала таго, людзей запалохалі тым, што яны ня змогуць нармальна працаваць, калі будуць скардзіцца. Начальнік Віцебскага вагоннага ўчастку на сходах сказаў, што росту заработнай платы ня будзе, і каб работнікі рабілі сабе заначкі», - абураецца рабочы.
Пра праблемы, зь якімі апошнім часам сутыкнулася Беларуская чыгунка, месяц таму паведаміў адзін з чытачоў сайту charter97.org. Ён распавёў пра скарачэньне заробкаў і ўвядзеньне чатырохдзённага працоўнага тыдня. Варта таксама адзначыць, што ў Беларусі назіраецца дэфіцыт кадраў лякаматыўных брыгад, асабліва машыністаў. Пасьля дэвальвацыі 2011 году заробкі машыністаў упалі ўдвая і пачаўся іх масавы адток ў Расею. Для ўтрыманьня машыністаў у краіне ўлады пайшлі на драконаўскія меры. Каб звольніцца з пасады машыніста лякаматыва, цяпер прыйдзецца здаць пасьведчаньне на зьнішчэньне.
Хартыя ‘97