Паводле інфармацыі ўпраўленьня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі па Віцебскай вобласьці была праведзена праверка фінансава-гаспадарчай дзейнасьці РУП “Віцебскі ДСК”. Падчас рэвізіі згаданага прадпрыемства выяўлены шэраг грубых парушэньняў заканадаўства ў сфэры жыльлёвага будаўніцтва.
Як паведамляе Цэнтар інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ, міжведамаснай групай з прадстаўнікоў УКДБ, УУС, КДК і пракуратуры Віцебскай вобласьці выяўлена, што генэральны дырэктар РУП “Віцебскі ДСК”, “нягледзячы на складанае фінансавае становішча прадпрыемства, заключыў дамову падраду на выкананьне праектных і пошукавых работ для будаўніцтва жылога дому ў Смаленскай вобласьці і без атрыманьня абавязковай папярэдняй аплаты, бязвыплатна перадаў расейскай камэрцыйнай структуры праектна-каштарысную дакумэнтацыю для выкарыстаньня пры ажыцьцяўленьні работ па гэтым аб’екце”.
Гэтыя дзеяньні, на думку “чэкістаў”, пацягнулі прычыненьне шкоды прадпрыемству на суму больш за 298 млн. рублёў. Падчас праверкі былі выяўленыя факты адсутнасьці аплаты па аналягічных дамовах на агульную суму больш за 800 млн. рублёў.
Па гэтым факце ў дачыненьні да кіраўніка прадпрыемства пракуратурай Віцебскай вобласьці распачатая крымінальная справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч.3 арт.426 КК Рэспублікі Беларусь (перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў).
Апроч гэтага, па факце крадзяжу грашовых сродкаў прадпрыемства праз падачу недакладных зьвестак пра камандзіровачныя выдаткі ў дачыненьні да згаданай асобы пракуратурай Віцебскай вобласьці распачатая крымінальная справа паводле ч.1 арт.209 КК Рэспублікі Беларусь (махлярства).
Крымінальныя справы для далейшага расьсьледаваньня накіраваныя ва ўпраўленьне Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласьці.
11 верасьня генэральны дырэктар быў адхілены ад займанай пасады. У цяперашні час праводзяцца апэратыўна-вышуковыя і сьледчыя мерапрыемствы, накіраваныя на выяўленьне іншых эпізодаў супрацьпраўнай дзейнасьці службовай асобы.
udf.by