У сувязі з захворваньнем сьвіней прыпынены экспарт сьвініны з тэрыторыі Віцебскай вобласьці. Гэткае рашэньне ўтрымліваецца ва ўказаньні № 02/2526 ад 1 ліпеня 2013 году, апублікаваным на сайце дэпартамэнту вэтэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня.
“У сувязі з павышаным захворваньнем сьвінапагалоўя ў філіяле “Лучоса” ААТ “Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў” і неабходнасьцю ўдакладненьня дыягназу дэпартамэнт вэтэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Рэспублікі Беларусь прыпыняе экспарт дамашніх сьвіней і дзікоў, мяса і прадуктаў забою ад іх, усіх відаў харчовых прадуктаў, атрыманых ад такіх жывёл, з тэрыторыі Віцебскай вобласьці”, — гаворыцца ў паведамленьні дэпартамэнту.
Нагадаем, успышка захворваньня афрыканскай чумой сьвіней (АЧС) зарэгістраваная на тэрыторыі вёскі Чапунь Іўеўскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Беларускі дзяржаўны вэтэрынарны цэнтар выявіў прычыну захворваньня сьвіней у заражаным камбікорме, пастаўленым прадпрымальнікам з-за межаў Беларусі і ў наступным рэалізаваным насельніцтву прылеглых раёнаў. У Беларусі створаны рэспубліканскі штаб па барацьбе з АЧС на чале зь віцэ-прэм’ерам Міхаілам Русым. Урадам прынятая пастанова аб дадатковых мерах у сувязі з захворваньнем сьвіней на асабістых падворках грамадзян у шэрагу раёнаў краіны.
Дзяржаўная вэтэрынарная служба просіць насельніцтва “зьвярнуць асаблівую ўвагу на ўтрыманьне і кармленьне сьвіней на сваіх асабістых падворках”. Грамадзянам, у прыватнасьці, рэкамендавана прытрымлівацца наступных мер: набываць кармы выключна ў гандлёвай сетцы Белкаапсаюзу або непасрэдна ў фірмовых гандлёвых сетках арганізацыяў камбікормавай прамысловасьці краіны; не набываць кармы, што развозяцца па населеных пунктах індывідуальнымі прадпрымальнікамі і фізычнымі асобамі; адсочваць наяўнасьць маркіроўкі на ўпакоўцы набываных кармоў, не прымяняць для кармленьня сьвіней ужо набытыя кармы, упакоўка якіх ня мае адпаведных этыкетак.
Дэпартамэнт вэтэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарчу Беларусі, улічваючы, што вірус афрыканскай чумы можа перадавацца празь мяса і мясныя прадукты, рэкамэндуе насельніцтву набываць іх толькі ў гандлёвай сетцы і на гандлёвых радах рынкаў, куды прадукцыя паступае толькі пасьля праходжаньня ў вызначаным парадку вэтэрынарна-санітарнай экспэртызы.
АЧС для чалавека не ўяўляе небясьпекі, аднак у сьвіней яна ня лечыцца і выклікае 100-адсоткавую сьмяротнасьць. Адзіным спосабам ліквідацыі захворваньня зьяўляецца зьнішчэньне пагалоўя сьвіней.
БелаПАН